Палякі пабудуюць плот на мяжы з Беларуссю? (Абноўлена)


https://youtu.be/yFqgkhYp-KA
Польшча хоча пабудаваць плот даўжынёю больш за 400 кіламетраў на мяжы з Беларуссю, каб адмежавацца ад пранікнення вірусу афрыканскай чумы свіней з Усходу. Акрамя плота, Польшча хоча ўсталяваць адмысловыя сістэмы дэзынфекцыі (аўтамыйкі), а таксама праводзіць сталы маніторынг польскіх свінафермаў.

У Бруселі пакуль да ідэі ўсталявання агароджы на беларуска-польскай мяжы паставіліся скептычна, бо патрэбна пабудаваць сотні кіламетраў плоту.

Пры гэтым Еўразвяз гатовы аплаціць ад 50 да 75 % выдаткаў на ўсталяванне аўтамыек і маніторынг польскіх свінафермаў. Кошт адной такой аўтамыйкі – 300 000 злотых (каля 90 000 долараў). Палякі плануюць усталяваць не менш за 16 аўтамыек, падае рэсурс rmf24.pl

ЯНУШ ЗВЁНЗЭК, ГАЛОЎНЫ ВЕТЭРЫНАРНЫ ДОКТАР, ПОЛЬШЧА:
“Ёсць магчымасць пабудовы сталага плоту. Еўрапейская камісія мусіць сур’ёзна задумацца над гэтым, бо пранікненне вірусу ў Польшчу азначае распаўсюд хваробы на тэрыторыі ўсяго Еўразвязу. Аднак гэта сур’ёзная інвестыцыя, якая каштуе некалькі мільёнаў еўраў і патрабуе часу”.

Польшча ўжо забараніла імпарт беларускай свініны. Цяпер жа на польска-беларускай мяжы – уважлівы кантроль, правяранне ўсёй прадукцыі ды адмысловыя дэзынфекцыйныя дыванкі.
{movie}Плот на мяжы з Беларуссю? (17.07.2013)|right|11657{/movie}
ПАМЕЖНІК:
“Гэтыя дыванкі доўга не паляжаць – толькі некалькі дзён. Пазней іх замяняюць на новыя. І ўся працэдура паўтараецца”.

Правяранняў на мяжы, аднак, недастаткова. Вірус пераносяць перадусім дзікі, якія свабодна перамяшчаюцца паміж краінамі.

Першая пра намер пабудаваць гэткія фізічныя бар’еры, каб не дапусціць міграцыі дзікай жывёлы, заявіла Літва.

Афрыканская чума свіней невылечная і выклікае стоадсоткавую смерць жывёлы, аднак здароўю і жыццю людзей пагрозы не нясе. Чаму ж нашыя заходнія суседкі разам з іншымі краінамі Еўразвязу б’юць трывогу?

ЯНУШ ЗВЁНЗЭК, ГАЛОЎНЫ ВЕТЭРЫНАРНЫ ДОКТАР, ПОЛЬШЧА:
“Стратаў немагчыма сабе ўявіць. Гэта азначае закрыццё ўсіх свінагадоўляў. Цалкам блакуе экспарт – перадусім з трэцімі краінамі. Таксама нават турыстычныя страты”.

Таму польскія ветэрынарныя службы прапаноўваюць беларускім калегам дапамогу ў барацьбе з вірусам ды заклікаюць да большай адкрытасці.

ЯНУШ ЗВЁНЗЭК, ГАЛОЎНЫ ВЕТЭРЫНАРНЫ ДОКТАР, ПОЛЬШЧА:
“У гэты момант я праз ваш тэлеканал прапаноўваю дапамогу Беларусі. Мы можам выслаць адпаведных інспектараў-ветэрынараў. Важная і большая паінфармаванасць насельніцтва”.

А тым часам улады Беларусі працягваюць захоўваць вакол гэтай тэмы атмасферу дзяржаўнай таямніцы. Афіцыйна пацвердзілі наяўнасць эпізаотыі толькі на Віцебшчыне ды Гарадзеншчыне. Аднак вядома пра ачагі хваробы яшчэ прынамсі ў дзвюх абласцях – Менскай і Берасцейскай.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары