Крыжовы паход: беларуская версія



“Белсат” склаў топ-7 скандалаў з хрысціянскімі помнікамі.

Калі б не сумная тэма, можна было б пажартаваць, што ўлады ў Беларусі баяцца крыжоў, як вампіры. У святле апошніх падзеяў вакол крыжа, усталяванага на Гарадзеншчыне, мы вырашылі згадаць падобныя скандалы апошніх гадоў апрача самага гучнага – Курапатаў, пра які пісалі ўжо не раз.

Асвячэнне крыжа ў Шчучыне, травень 2013. Фота nn.byАсвячэнне крыжа ў Шчучыне, травень 2013. Фота nn.byШчучын, 2013

Учора невядомыя знішчылі помнік, усталяваны ў Шчучынскім раёне, на Гарадзеншчыне, аднаму з кіраўнікоў Арміі Краёвай Анатолю Радзівоніку, якога ў 1949 годзе расстралялі савецкія спецслужбы. Новы памятны знак 12 траўня ў прысутнасці 150 мясцовых жыхароў асвяціў ксёндз Анджэй Радзевіч з Горадні, капелан беларускіх ветэранаў Арміі Краёвай.

19 чэрвеня за ўсталяванне крыжа і “арганізацыю несанкцыянаванага сходу” Шчучынскі раённы суд аштрафаваў кіраўніка незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) Мечыслава Яскевіча і 82-гадовую Вераніку Себасцьяновіч, старшыню Таварыства салдатаў Арміі Краёвай у Беларусі. Яны маюць намер звярнуцца ў пракуратуру, бо лічаць, што невядомыя абразілі рэлігійныя пачуцці прыхільнікаў мемарыялу.

Гомель, 2013

Побач з лесам, дзе ляжаць тысячы ахвяраў сталінскага тэрору, кампанія “Русские сладости” будуе лагістычны цэнтр. У лесе на месцы катаванняў стаіць паклонны крыж. Мясцовыя дэмакратычныя актывісты турбуюцца, што яго могуць знішчыць разам з лесам. 9 ліпеня яны атрымалі афіцыйны ліст, у якім кампанія запэўнівае, што падзяляе імкненне гамельчукоў захаваць памяць пра нявінна забітых.

Крыжы ўсталяваныя на 9-м і 11-м кіламетры дарогі Гомель – Чарнігаў у 1990-я і 2010 годзе адпаведна. Улады афіцыйна не прызналі, што тут ляжаць ахвяры рэпрэсіяў. Пра трагічныя мясцовыя падзеі 1930-х гадоў актывісты знялі два фільмы: “Лес смерці” і “Лінія Сталіна” – Гомельскі рэгіён”.
{movie}Фільм “Лінія Сталіна” – Гомельскі рэгіён|right|11652{/movie}
Крыжы ў вёсцы Паляі. Фота svaboda.orgКрыжы ў вёсцы Паляі. Фота svaboda.orgПаляі, 2010

Мясцовыя ўлады запатрабавалі ў актывістаў Партыі БНФ, руху “За свабоду” ды іншых дэмакратычных арганізацыяў дэмантаваць пяць крыжоў, усталяваных год таму ў лесе ля вёскі Паляі (Віцебскі раён) на месцах сталінскіх расстрэлаў. Крыжы на гэтым месцы пачалі з’яўляцца адразу пасля распаду СССР. Не раз іх даводзілася аднаўляць пасля нападу вандалаў.

Лельчыцы, 2009

Крыж у гонар святога Канстанціна пасля атрымання дазволаў з усіх інстанцыяў, сярод іншага – і райвыканкаму, у 2008-м упрыгожыў уезд у паселішча на Гомельшчыне. Паводле падання, святому Канстанціну перад рашучаю бітваю прымроіўся крыж. Пасля перамогі ён зрабіў хрысціянства афіцыйнаю рэлігіяй Рымскай імперыі. Ксёндз Віталь Мышона змагаўся за дазвол пяць гадоў. Неўзабаве высветлілася, што згоды не даў раённы архітэктар. Справа дайшла да суда, які прыняў бок святара. Але гэта чыноўнікаў не спыніла, і яны абвінавацілі пробашча ў самавольным захопе зямлі.

Крыж у вёсцы Дражна. Фота svaboda.orgКрыж у вёсцы Дражна. Фота svaboda.orgДражна, 2008

19 красавіка побач з каталіцкімі могілкамі ў вёсцы Дражна (Старадарожскі раён Менскай вобласці) быў пастаўлены шасціканцовы крыж заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай, які асвяціў праваслаўны святар Леанід Акаловіч. Знак меў нагадваць пра 25 мірных жыхароў, забітых у 1943 годзе савецкімі партызанамі. На шыльдачцы былі пералічаныя імёны загінулых. Гэта была ініцыятыва актывістаў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На цырымоніі адкрыцця былі сведкі той трагедыі.

Суд Старадарожскага раёну палічыў памятную падзею несанкцыянаванаю масаваю акцыяй і адзін за адным пакараў яе арганізатараў 15-дзённым арыштам. Гэта былі старшыня мемарыяльнай секцыі таварыства Вячаслаў Сіўчык, а таксама журналіст, выдаўца і краязнаўца Віктар Хурсік. Святара Леаніда Акаловіча аштрафавалі на Br 1,5 млн. Праз некалькі дзён на рашэнне мясцовых уладаў крыж дэмантавалі ды перавезлі на тэрыторыю царквы ў вёсцы Залужжа, за некалькі кіламетраў ад Дражна.

Беліца, 2002

Фара Вітаўта ў 1930-я гады. Фота harodnia.comФара Вітаўта ў 1930-я гады. Фота harodnia.com15 верасня крыж Еўфрасінні Полацкай вышынёю 6,5 м паставілі ў вёсцы Беліца (Лідскі раён, Гарадзеншчына). Ён быў прысвечаны падзеям 1659 года, калі лідская шляхта не дала пераправіцца праз Нёман 30-тысячнаму маскоўскаму войску, якое наступала на Ліду і Горадню. Старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік атрымаў на гэта дазвол Беліцкага сельсавету. Аднак ужо неўзабаве яго выклікалі ў райвыканкам і прапанавалі “часова дэмантаваць” помнік, усталяваны “з парушэннямі заканадаўства”. Маўляў, не выканалі парадку, зацверджанага Кодэксам аб зямлі, указам прэзідэнта аб парадку забірання зямлі ды рашэння Гарадзенскага аблвыканкаму пра размяшчэнне культавых збудаванняў.

Фара Вітаўта пасля разбурэння. Фота s13.ruФара Вітаўта пасля разбурэння. Фота s13.ruГорадня, 2000

Беларуская інтэлігенцыя на чале з каталіцкім святаром усталявала драўляны крыж у скверы на месцы, дзе стаяла Фара Вітаўта – кафедральны касцёл, узарваны ў 1961-м савецкімі ўладамі. Гэта адбылося ў гадавіну знішчэння храму, 29 лістапада. Уначы крыж знік. Улады ўсяляк пазбягаюць абмеркавання адбудовы храму. Яны спасылаюцца на тое, што ён быў і каталіцкім касцёлам, і праваслаўнаю царквою (прымусова перароблены расейскімі ўладамі), таму невядома, што тут зрабіць, каб не пакрыўдзіць вернікаў абедзвюх канфесіяў.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь унесена больш за дзесяць крыжоў.

Найбольш – на Віцебшчыне: на могілках ля вёскі Дубраўкі (XIV–XVII стст.), у вёсках Пліса (XIV–XVII стст.), Камаі (ХV–XVI стст.), Галошава (без датаў), Мішневічы (позняе сярэднявечча).

Тры крыжы – у Менскай вобласці: перавезены з дарогі ў Вілейку, цяпер знаходзіцца ў Інстытут геахіміі і геафізікі НАН Беларусі ў Менску (IX–XIII ст.), у вёсцы Крынічкі (позняе сярэднявечча) і за 1,5 км на поўнач ад вёскі Палачаны (позняе сярэднявечча).

Па адным – у Берасцейскай вобласці: на месцы Мілавідскай бітвы 1863 года ў Баранавіцкім раёне, нядаўна ўнесены – і на Магілёўшчыне, у вёсцы Заполле (без датаў).

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары