З’явілася першая беларуская азбука для iPad


Цяпер дадатак “Родная азбука” можна спампаваць у сеціве. Да кожнай літары створаныя анімацыя і вершыкі, агучаныя прафесійнымі акцёрамі Ганнаю Хітрык і Павўлам Харланчуком.

“Родную азбуку” можна спампаваць у Apple Store. Яна паўстала на аснове вершаў беларускага пісьменніка Кастуся Севярынца. Дадатак створаны супольна камандамі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выдавецтва “Kinderfox” пад кіраўніцтвам аўтара ідэі Андрэя Залатара. Гэта першая беларуская азбука для iPad, дадатак адаптаваны для ўсіх прыладаў лінейкі.

Паводле каардынатаркі кампаніі “Будзьма беларусамі!” і кіраўніцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, беларуская мова, як любая іншая сучасная мова, увесь час мусіць адказваць на выклікі індустрыяльнага грамадства, быць сучаснаю не толькі на паперы і ў гучных закліках. Таму для праекту абралі адну з самых модных прыладаў. Цяпер навучаць роднай мове сваіх дзетак значна прасцей стане беларусам замежжа.

Створаны з выкарыстаннем прафесійнай інтэрактыўнай анімацыі дадатак мае некалькі персанажаў на выбар. Каб захаваць успрыняцце мовы як сямейнай, ёсць магчымасць запісаць голас бацькоў. Музыку для праекту напісаў і выканаў лідар гурта “Палац” Алег Хаменка, аўтар вершаў – Кастусь Севярынец.

“Ёсць вялікае спадзяванне, што знойдуцца і праграмісты, якія змогуць адаптаваць такі важны дадатак і для Android, бо iPad карыстаюцца далёка не ўсе. Нечакана для нас саміх прадукт хутчэй, чым звычайна, быў зацверджаны “Applestore” – думаю, гэта добры знак”, – дадаў кіраўнік групы распрацоўнікаў Андрэй Залатар.

Каманда Андрэя Залатара не так даўно прэзентавала бясплатны дадатак пра гістарычную спадчыну Беларусі. Грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” з 2008 года займаецца падтрыманнем культурніцкіх ініцыятываў, скіраваных на ўзмацненне самаідэнтыфікацыі беларусаў, сярод якіх – камунікацыйная праграма “Краіна Цмокаў”, аднайменная анімацыя “Будзьма беларусамі!”, штогадовы Фестываль беларускай рэкламы “Ad.nak!” ды іншыя.

У планах распрацоўнікаў – пошук партнёраў для стварэння Android-версіі дадатку і рэалізацыя серыі казак у форме дадаткаў на платформе iOS.

АК, belsat.eu, паводле budzma.org

Стужка навінаў