Фэст «Захід-2013» запрашае беларусаў паслухаць ужывую «Ляпісаў»


Больш за 50 гуртоў выступяць на трох сцэнах фестывалю “Захід”, які адбудзецца сёлета 16–18 жніўня ў паселішчы Радатычы пад Львовам. Сярод выступоўцаў – забаронены ў Беларусі “Ляпіс Трубяцкой”, берасцейскі гурт “Сцяна” і “Адыс Абеба” з Менску .



Беларускія рэвалюцыянеры “Ляпіс Трубяцкой” зноў запаляць”, – пішуць арганізатары на старонцы фестывалю. “Ляпісы” сваім выступам 18 жніўня а 23-й гадзіне на галоўнай сцэне маюць зайграць “апошні фестывальны акорд” і завяршыць канцэртную праграму.

“Сцяна” выступіць на малой сцэне ў першы фестывальны дзень. Чакаецца таксама выступ яшчэ аднаго беларускага гурта – “Адыс Абебы”, які выконвае музыку ў стылі рэгі.

Традыцыйна беларусы, якія едуць на “Захід”, бяруць з сабою бел-чырвона-белыя сцягі, якія дружна ўздымаюць падчас выступаў беларускіх калектываў.

Апрача беларускіх гуртоў на фестывалі выступяць калектывы з Украіны, Малдовы, Расеі, Аўстрыі ды Літвы. Сярод іх “Rocky Leon”, “Воплі Відоплясова”, “Скрябин”, “Бумбокс”, “Zdob Si Zdub”, “Крихітка”, “Noize MC”, “Роллікс”, “Кожаный Олень”, “Фліт”, “Сергій Жадан та Собаки в Космосі”, “Stoned Jesus”, “Серцевий напад”, “Механічний апельсин”, “Dalai Lama”, “Брем Стокер”, “Dance Party”, Аліна Арлова ды іншыя.

“Захід-2013” – тэрыторыя свабоды, на якой можна супольна цешыцца музычным шчасцем і сяброўствам, запэўніваюць арганізатары фэсту. “Без масак паўсядзённага жыцця, забыўшыся пра працу і статус, – сюды варта прыехаць, каб адчуць сябе вольным і быць побач з сапраўднымі людзьмі”, – напісана ў профілі фэсту ў “Facebook”.

Акрамя канцэртнай праграмы гасцей імпрэзы чакае харчаванне з палявой кухні, выставы рукадзелля, літаратурныя чытанні, майстар-класы ў розных рамёствах і баўленне часу разам з аднадумцамі.

Больш інфармацыі на сайце фестывалю – zaxidfest.com

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў