Афіцыйная прэса друкуе чорныя спісы. «Прэс-фота» суседнічае з кнігамі «Праваслаўнай ініцыятывы»


Абноўлены «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» апублікавала газета беларускага ўраду «Рэспубліка».

У спіс трапілі шэраг кампакт-дыскаў, кніжных і друкаваных выданняў. Указваюць назвы ды іх аўтараў, хоць змест не агалошваюць. Таксама пазначаюцца пастановы судоў, згодна з якімі матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі. Цяпер сюды трапіла выданне «Прэс-фота Беларусі–2011» на падставе выраку суда Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласці ад 18 красавіка 2013 года.

Раней у гэты спіс былі ўключаныя кампакт-дыскі з запісам польскага дакументальнага фільму «Урок беларускай мовы» ды канцэрту «Салідарныя з Беларуссю», што адбыўся ў Варшаве ў 2006 годзе. Экстрэмісцкім прызнаў Гарадзенскі суд таксама дыск з загадкаваю назваю «MEGAUS MEG 16753» з фота Кастрычніцкай плошчы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. У спісе таксама шмат кніг з менскага выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва», напрыклад, «Вырак тым, хто забівае Расею» ці 7-е выданне кнігі «Чытаючы Евангелле. Роздумы на евангельскія чытанні. Хто мы: хрысціяне ці іудзеі?». У спісе таксама – берасцейская публікацыя Алены Гнаук «Асобае меркаванне або навяртанне хрысціянкі», а таксама кнігі, надрукаваныя ў Маскве: «Загадка сіянісцкіх пратаколаў», «Іга іудзейскае» і г. д.

У рэдакцыі «Рэспублікі» не сталі каментаваць з’яўлення гэтага спісу на апошняй старонцы нумару. Намеснік галоўнага рэдактара Міхаіл Валькоўскі параіў «шукаць у законах, што гэта і навошта», падае сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» складаецца згодна з законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму, а даручылі яго весці Міністэрству інфармацыі. У яго ўлучаюць інфармацыйную прадукцыю, прызнаную судамі экстрэмісцкаю. Друкаваць яго абавязаныя некаторыя дзяржаўныя газеты, сярод якіх – «Рэспубліка».

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец камэнтуе: «Тут ёсць два моманты. Першае – што, напрыклад, у Нямеччыне размяшчэнне ў СМІ якіх-небудзь чорных спісаў з забароненых матэрыялаў прызнаецца ўжо неканстытуцыйным, парушаючым свабоду выказвання. Але самае галоўнае другое: мы бачым вельмі шырокае выкарыстанне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, каб абмяжоўваць свабоду слова ў такіх межах, у якіх гэта ніяк нельга прызнаць абгрунтаваным і зразумелым».

Паводле спадара Бастунца, любы незацікаўлены чалавек, калі пабачыць спіс, зразумее, што сітуацыя ў нас у галіне свабоды выказванняў нядобрая, бо ў спісе – фільм-лаўрэат міжнародных конкурсаў і фотаальбом, таксама складзены на падставе міжнароднага фотаконкурсу. Прадукцыя, улучаная ў гэты спіс, не можа распаўсюджвацца, за гэта прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Разам з тым, захоўванне гэтых матэрыялаў не ёсць правапарушэннем.

МЯ, belsat.eu, паводле Baj.by

Стужка навінаў