Пачалася чарговая хваля рэпрэсіяў перад вялікім памілаваннем?


І праз два з паловаю гады пасля прэзідэнцкіх выбараў улады не спыняюць пераследу тых, хто пасмеў выступіць супраць выбарчых фальсіфікацыяў.

Новую крымінальную справу завялі на Уладзя Яроменка. Былога палітвязня абвінавачваюць у нібыта парушэнні прэвентыўнага нагляду.

УЛАДЗЬ ЯРОМЕНАК, ФІГУРАНТ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

“14 ліпеня гэтага года, калі ў мяне было вяселле, вянчанне з маёю сённяшняю жонкаю Валянцінай, увечары мне патэлефанаваў следчы з Першамайскага РУУС і папрасіў, каб я да яго зайшоў у панядзелак. Я сказаў, што ў панядзелак буду цэлы дзень заняты, і дамовіўся з ім сустрэцца ў аўторак”.

Сёння ж замест віншаванняў маладзён пачуў, што яму пагражае ад 6 да 12 месяцаў пазбаўлення волі.

Напрыканцы ж мінулага тыдня стала вядома, што супраць яшчэ аднаго ўдзельніка Плошчы – Васіля Парфянкова – завялі ўжо трэцюю крымінальную справу, таксама за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

{movie}Чарговае кола рэпрэсіяў (16.07.2013) |right|11635{/movie}

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА:

“Гэта дэманстрацыя ўсім астатнім таго, што грамадскія актывісты не застаюцца без увагі ўладаў. Гэта першы момант. Па-другое, гэтыя людзі дастаўляюць дастаткова шмат клопатаў уладам, таму адзінае выйсце, як пазбавіцца ад іх, – гэта вярнуць назад у турму”.

Суд чакае і іншых удзельнікаў Плошчы, якіх прыгаварылі да пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на 2 гады. Разгляд справы жонкі экс-кандыдата Саннікава Ірыны Халіп распачнецца ўжо ў пятніцу, суд жа над былым кандыдатам на прэзідэнцтва Уладзімірам Някляевым прызначылі на 25 ліпеня. Завесці ж крымінальную справу супраць нападнікаў на экс-кандыдата і ягоных паплечнікаў улады на мінулым тыдні чарговы раз адмовіліся.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:

“Рэпрэсіўная сістэма – гэта адладжаны механізм. Суд – частка гэтага механізму. Спадзявацца на тое, што нейкая частка выпадзе з механізму, дасць збой, не даводзіцца”.

Затое не забываюцца праваахоўнікі аб справах апазіцыянераў нават пяцігадовай даўніны. Лідара руху “Маладая Беларусь” Дзмітрыя Каспяровіча затрымалі пры спробе выехаць у Вільню. Некалі актывіст не цалкам адбыў адміністрацыйны арышт: з ізалятару яго забралі ў шпіталь, а адтуль у месца пакарання не вярнулі.

Якая логіка гэтых дзеянняў? Былы ўдзельнік Плошчы і палітвязень Павел Вінаградаў лічыць, што гэтак улады рыхтуюцца да восеньскага саміту “Усходняга партнёрства”. Каб прадэманстраваць Бруселю палітычную адлігу, Менск хоча сітуацыю падмарозіць.

ПАВЕЛ ВІНАГРАДАЎ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

“Будзе вялікае памілаванне, і перад гэтым памілаваннем, лібералізацыяй, магчыма, яны вырашылі такім чынам яшчэ раз папалохаць людзей, дэмакратычную супольнасць, а пасля ўзяць іх адразу і выпусціць. Магчыма, і Гайдукова разам з імі. Гэта нейкі паўімаверны сцэнар. І таму, калі гэта сапраўды так, то мне чарговы раз сорамна за нашыя ўлады”.

Без сораму ж улады надалей дзеюць паводле старога сцэнару. Але не мяняюць сваіх перакананняў і актывісты. А гэта значыць, што супрацьстаянне будзе працягвацца і надалей.

УЛАДЗЬ ЯРОМЕНАК, ФІГУРАНТ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:

“Наступны прэсінг, улічваючы яшчэ тое, што я толькі-толькі нядаўна ажаніўся, заводзіць крымінальную справу… Але я ведаю, што ні я, ні мая жонка – мы не баімся таго, што будзе новы пераслед, мы ведаем, што ўсё перажывем і ўсё вытрываем”.

Цяпер за перакананні за кратамі трымаюць 12 актывістаў. І неўзабаве можа стаць на некалькі палітвязняў больш.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў