Лукашэнка і старшыня КНР: Правы чалавека маюць адпавядаць нацыянальным асаблівасцям


Паводле вынікаў перамоваў 16 ліпеня ў Пекіне кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзінь Пін падпісалі дэкларацыю аб усталяванні паміж дзвюма краінамі дачыненняў усебаковага стратэгічнага партнёрства.

Беларускі бок пацвердзіў сваю прыхільнасць да палітыкі “аднаго Кітаю” і прызнаў, што ўрад КНР ёсць адзіным законным урадам, якi прэзентуе ўвесь Кітай, а Тайвань – неад’емная частка тэрыторыі Кітаю.

У сваю чаргу кітайскі бок пацвердзіў, што з разуменнем і павагаю ставіцца да незалежнай унутранай і замежнай палітыкі, якую праводзіць Беларусь, падтрымлівае намаганні Беларусі, скіраваныя на абарону дзяржаўнай незалежнасці, суверэнітэту, забеспячэння сацыяльна-палітычнай стабільнасці ды развіцця народнай гаспадаркі, выступае супраць вонкавага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі з любой прычыны.

Лідары Беларусі ды Кітаю выступілі супраць умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаваў з выкарыстаннем праблематыкі правоў чалавека. “Бакі лічаць, што ўніверсальны прынцып правоў чалавека мае сумяшчацца з нацыянальнымі асаблівасцямі розных краінаў, што любая дзяржава мае права выбраць сабе такі шлях развіцця правоў чалавека, які адпавядае яе ўнутраным рэаліям, а таксама яе гістарычным і культурным традыцыям”, – адзначаецца ў дэкларацыі.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, узалежніванне прынцыпу правоў чалавека ад пэўных схемаў – гэта стандартная фармулёўка ўсіх недэмакратычных рэжымаў. Сюды ўпісваецца і Пуцін са сваёй “суверэннаю дэмакратыяй”, якая не мае ніякіх універсальных правілаў.

Лукашэнка аб правах чалавека кажа ў залежнасці ад аўдыторыі. Перад прадстаўнікамі Захаду ён падкрэслівае, што правы чалавека ў Беларусі выконваюцца не горш, чым у заходніх краінах, а нават і лепш. Перад расейскімі журналістамі Лукашэнка не хавае, што карыстаецца жорсткімі ды аўтарытарнымі метадамі. Гэта падабаецца расейскім журналістам”, – падкрэсліў спадар Карбалевіч. У Кітаі ж Лукашэнка шукаў супольнай мовы з кіраўніком краіны, дзе, так сама як і ў Беларусі, пануе недэмакратычны рэжым.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў