Праваабаронцы і палітыкі аб’яднаюць намаганні, каб бараніць стваральніка прытулку на Гарадзеншчыне


У Менску прайшоў круглы стол, прысвечаны распачынанню крымінальнай справы на Аляксея Шчадрова, якога вінавацяць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мужчына арганізаваў прытулак для бяздомнікаў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну. Удзел у сустрэчы ўзялі юрысты, праваабаронцы, палітыкі ды журналісты, а таксама і фігурант справы.

Паводле пастановы маёра Сяргея Асовіка, аднаго з начальнікаў шчучынскай міліцыі, які разглядаў матэрыялы аб прытулку, Аляксей Шчадроў “арганізаваў дзейнасць… незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі ды забяспечыў умовы яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўсталяваным заканадаўствам парадку”.

Аляксей Шчадроў сцвярджае, што ён не ствараў аніякіх арганізацыяў, а проста займаецца дабрачыннасцю, зладзіўшы месца побыту для бяздомных, алкаголікаў, наркаманаў і тых, хто нядаўна вызваліўся з турмы. Для гэтых асобаў спадар Шчадроў набыў некалькі вясковых хатаў, працуе з імі разам на гаспадарцы і моліцца ў адмыслова зладжанай каталіцкай капліцы, але ніякай секты не ствараў.

Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра вясковы прытулак і яго заснавальніка Аляксея Шчадрова:{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра вясковы прытулак і яго заснавальніка Аляксея Шчадрова|right|11622{/movie}

Адзін з лідараў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху Віталь Рымашэўскі адзначыў падчас круглага стала, што ў Беларусі існуе вялікі Саюз баптыстаў, які прынцыпова не рэгіструецца з савецкіх часоў, але ніякіх крымінальных справаў на вернікаў не заводзілі.

Паводле палітыка, на Аляксея Шчадрова ўлады накінуліся праз тое, што ён дзее адзін. “Тут сышліся дзве праблемы: з аднаго боку, рэлігійная – парушэнне права на свабоду сумлення, а з іншага – гэта прытулак, грамадская дзейнасць, а не тое, што ён збіраў людзей маліцца. На мой погляд, гэта выклік беларускаму грамадству. На фоне так званай лібералізацыі ўлады праводзяць палітыку “кожнаму – сваё”: камусьці катацца па еўрапейскіх сталіцах са знятымі візавымі санкцыямі, а камусьці пагражае два гады вязніцы”.

На думку праваабаронцы, дырэктара прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформ інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі, тут наагул няма складу злачынства. “Мы гатовыя аказаць вам падтрыманне сваімі юрыстамі, неабходнымі захадамі, надаць справе публічнасць”, – запэўніў ён Аляксея Шчадрова.

Прадстаўніца Беларускага Хельсінкскага камітэту Наталля Манькоўская адзначыла, што артыкул 193.1, паводле якога абвінавачваюць спадара Шчадрова, увогуле не мае заставацца ў Крымінальным кодэксе, бо ён супярэчыць шмат якім прынцыпам міжнароднага права ў сферы свабоды згуртаванняў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў