Скандальны нарвежскі музыка Варг Вікернэс арыштаваны за планы бойні


Раней жа стваральнік блэк-металічнага музычнага праекту “Burzum” асудзіў учынак тэрарыста чную дзейнасць нарвежскага нацыяналіста Андэрса Брэйвіка.

Варг Вікернэс быў арыштаваны сёння раніцаю ў сваім загарадным доме непадалёк ад французскага мястэчка Салён-ля-Тур, паведамляе выданне “Le Monde”. Музыку затрымалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення ўнутранай выведкі, якія падазраюць музыку ў планаванні масавай разаніны. На ягонай ферме, дзе ён жыў са сваёй французскаю жонкаю і трыма дзецьмі, быў праведзены ператрус: шукалі зброю і выбухоўку.

Вікернэс – чалец стралковага клубу і нядаўна цалкам легальна набыў чатыры вінтоўкі. Праваахоўныя органы пачалі сачыць за ім пасля таго, як арганізатар тэрактаў у Нарвегіі нацыяналіст Андэрс Брэйвік даслаў яму копію свайго маніфесту. Тым не менш, у сваім уласным антысеміцкім і нацыяналістычным тэксце “Вайна ў Еўропе: Частка 5”, які музыка напісаў летась, Вікернэс асудзіў учынак “нарвежскага стралка”.

Брэйвіку я магу сказаць толькі адно: “Забі сябе, ты зрабіў вялікую памылку”. Пакуль сапраўдныя еўрапейцы яшчэ жывыя, яны будуць працягваць цярпець няўдачы, але нашая еўрапейская кроў абавязкова калі-небудзь уваскрэсіць сапраўдны еўрапейскі дух і ператворыць Еўропу ў Элізіум. Цяпер мы перайшлі ў наступ. Упершыню за шмат дзесяцігоддзяў. Канчатковае развязанне гэтай праблемы – не забіваць усіх запар, а выгадаваць нашых дзяцей на еўрапейскіх ідэалах, каштоўнасцях, і згодна з еўрапейскім поглядам на свет, і будзьце пэўныя, што хрысціянства загіне, калі загіне і ўсё баязлівае пакаленне нашых бацькоў”, – напісаў Вікернэс.

Варг Вікернэс, вядомы таксама як Граф Грышнак, – нарвежскі музыка, стваральнік і адзіны ўдзельнік блэк-металічнага музычнага праекту “Burzum”. За здзейсненае ім у 1993 годзе забойства гітарыста Euronymous з іншага блэк-метал-гурта “Mayhem” Варг Вікернэс быў асуджаны на 21 год турэмнага зняволення, аднак быў датэрмінова вызвалены ў 2009 годзе. Вікернэс шырока вядомы як актыўны дзеяч скандынаўскага неапаганскага руху, мэта якога – адраджэнне дахрысціянскіх вераванняў германскіх народаў. Музыку падазравалі таксама ў падпале хрысціянскіх цэркваў.

МЯ, belsat.eu, паводле furfurmag.ru

Стужка навінаў