Пісталет Бонда і фоткі Мэрэлін. Чарговы галівудскі аўкцыён


Загадчыкі складоў на «фабрыцы мараў» зазірнулі на запыленыя паліцы ды зразумелі, што надышоў час прадаць яшчэ некалькі сотняў для кагосьці культавых фільмавых атрыбутаў.



Галоўнымі лотамі традыцыйна будуць здымкі Мэрылін Манро. Яе, на шчасце для арганізатараў, фатаграфавалі гэтак часта, што падобныя аўкцыёны можна ладзіць некалькі разоў на год. Гэтым разам разынкаю 3700 выстаўленых на продаж негатываў будзе іхная натуральнасць і выпадковасць. Маўляў, гэта непублікаваныя ніколі здымкі, дзе Мэрылін не пазуе і паводзіцца натуральна.

Акрамя амаль чатырох тысячаў прафесійных і «выпадковых» здымкаў секс-сімвалу, на аўкцыёне можна набыць і «Вальтэр» Джэймза Бонда. Арганізатары запэўніваюць, што гэтую бутафорыю трымаў у руках сам Шон Конэры. Пачатковы кошт пісталета – 300 тысяч долараў. Дарэчы, у фільмах ён не фігураваў, але выкарыстоўваўся на плакатах.

«Мы рабілі прома-кампанію, і калі ўжо былі ў фотастудыі, раптам зразумелі, што ніхто не дадумаўся прынесці пісталет. Адзін аператар быў аматарам пнеўматычнай зброі ды акурат меў гэты пісталет у аўтамабілі. Пасля мы выкарыстоўвалі яго хіба на ўсіх плакатах з Шонам Конэры, хаця ў фільмах ён страляў з кароткарульнай зброі», – распавядае арганізатар аўкцыёну Джоў Мэдалена.

У дадатак да пісталета кінааператара на продаж выставілі маскі з першага фільму «Планета малпаў» (1968) і строй першага Супермена (1978) ды іншыя кінаатрыбуты.

Гандляванні пачнуцца 27 ліпеня. Калі вы раптам у той час не будзеце ў ваколіцах Галівуду, няма бяды: урэшце, стаць уладальнікам здымкаў Мэрылін Манро можна і праз інтэрнэт.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў