Міхаіл Залескі: Беларусь – гэта як кітайскі сельсавет


Рост эканомікі Кітаю ў першым паўгоддзі запаволіўся. Ці не захад гэта эпохі “кітайскага эканамічнага цуду”? Аднак нават мінімальны за апошнія 2 дзесяцігоддзі рост ВУП Кітаю – амаль 8 % – недасягальная ўсцяж планка для беларускага эканамічнага цуду з сёлетнім паказнікам ВУП 1 %. А таму і бачыць прэзідэнт Беларусі ў Паднябеснай жаданага для сябе эканамічнага партнёра. Сёння Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Кітай.

ІНТЭРВ’Ю АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ АГЕНЦЫІ «СІНЬ-ХЎА»:

“Мы поўныя рашучасці, і гэтак яно і будзе, нарошчваць гэтыя дачыненні, пашыраць аб’ём адносінаў – ад гандлю да гуманітарнай супрацы”.

Такія заявы гучалі і перад кожнаю з шасцю папярэдніх паездак Лукашэнкі ў Паднябесную. Але выгаднымі назваць іх вынікі цяжка: 15-мільярдны пекінскі “крэдыт” вярнуўся на радзіму як аплата за пастаўкі кітайскіх тавараў і паслуг. Наладжаная ж у Беларусі кітайская вытворчасць прыносіць, паводле некаторых адмыслоўцаў, больш экалагічнай шкоды, чымся фінансавай выгады; у двухбаковым жа гандлі мы ў мінусе амаль на Br 2 млрд. А таму, мяркуюць эксперты, галоўная мэта сёлетняга візіту Лукашэнкі не столькі пабудаваць новае, колькі разабрацца ў тым, што ж адбываецца ў дачыненнях.

{movie}Кітайскія спадзевы (15.07.2013) |right|11613{/movie}

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:

“Для Лукашэнкі крытычна высветліць, а што далей будзе. У якой ступені, у якім памеры магчыма на гэты Кітай разлічваць. Бо беларускі бок свае абавязкі выканаў, тэхнапарк будуецца, але пакуль усе кітайскія інвестыцыі звязаныя, якія з’яўляюцца, а па-другое, паводле таго абсталяванні, якое пастаўляецца, яно зусім небездакорнае”.

Эканамічныя хібы маглі б кампенсаваць выгады палітычныя. Пры адсутнасці дачыненняў з Захадам ды ўсё большым ціскам з боку Крамля, мець усебаковае падтрыманне такой звышдзяржавы, як Кітай, прыдалося б. Толькі наўрад ці КНР з паўтарамільярдным насельніцтвам усур’ёз зацікаўленая ў палітычным сяброўстве з 10-мільённаю Беларуссю.

МІХАІЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Беларусь – гэта як кітайскі сельсавет. Гэта трэба разумець. Таму ніякай ні палітыкі, ні эканомікі – нічога тут няма. Кітай проста грабе пад сябе ўсё як чалавеказахопны агрэгат. Грабе і нас”.

Ды робіць гэта настолькі спрытна, што і кіраўніцтва, і жыхары Сінявокай гэтага ніяк не заўважаюць.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“У нас не так шмат сяброў, як хацелася б, таму гэта нядрэнна”.

“Мы не вельмі разумеем, але мне здаецца, з чутках ведаю, што гэта выгадна”.

“Вось у нас тут пекінскі гатэль хутка адкрыюць. Што яшчэ? Людзі – шмат кітайцаў з’яўляецца ў горадзе”.

Бадай толькі на гэтую інвестыцыю – кітайскіх гастарбайтараў – Пекін ніколі не квапіўся. Разлічваць жа на іншыя выгоды – грашовыя ўліванні ды крэдыты, дзеля якіх у далёкае падарожжа і выбраўся кіраўнік Беларусі, не даводзіцца. Але, як вядома, надзея гасне апошняю. Пачакаць засталося да серады – калі скончыцца чарговы экзатычны візіт Лукашэнкі.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў