Берасцейская моладзь праехала «Шляхамі касінераў»


Такую 2-дзённае вандраванне арганізавала культурна-асветніцкая ініцыятыва «Грунт». Прыблізна 50 маладзёнаў праехалі памятнымі месцамі, звязанымі з паўстаннем 1863 года.

Наведалі Закозель, Івацэвічы, Ружаны, Палонск і шмат якія іншыя пункты, дзе ёсць помнікі паўстанцам 1863 года. Апроч экскурсіі, падарожнікі прыбралі вакол помнікаў, ладзілі забавы, віктарыны пра паўстанне.

Маршрут вандроўкі па слядах касінераў. Фота belsat.euМаршрут вандроўкі па слядах касінераў. Клікні, каб павялічыць. Фота belsat.euАрганізатар вандроўкі, кіраўнік ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус кажа, што ўсцешаны з цікаўнасці моладзі тэмаю паўстання: «Ад удзельнікаў я адчуваў шчырую цікавасць, актыўны ўдзел і дапамогу, нават уласную ініцыятыву: людзі дзяліліся ведамі пра тыя мясціны, што мы наведвалі, дапамагалі прыбіраць помнікі. Атмасфера была вельмі сяброўская, хоць шмат удзельнікаў бачылі адзін аднаго ўпершыню. Вандроўка прайшла, на мой погляд, досыць паспяхова. Два помнікі, што найбольш патрабавалі людской увагі, мы добраўпарадкавалі: счысцілі мох і пыл, прыбралі смецце, пасадзілі шматгадовыя кветкі».

Віктар Клімус зазначае, што такія паездкі трэба імкнуцца рабіць часцей, каб папулярызаваць сярод моладзі памяць пра нацыянальна-вызваленчае паўстанне.

Ініцыятыва ладзіць ужо не першую акцыю ў гонар 150-годдзя паўстання 1863 года. Актывісты «Грунту» выдаюць газету «Мужыцкая праўда» пра падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага, збіраюць складанку «Песні касінераў», ладзяць конкурс краязнаўчых артыкулаў.

Сёлетні год абвешчаны дэмакратычнаю грамадскасцю годам памяці нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–64 гадоў. Тым часам афіцыйныя ўлады імкнуцца абыходзіць гэтую тэму, абвесціўшы Год эканоміі ды ашчаднасці. Замест гэткіх ініцыятываў для папулярызацыі памяці паўстанцаў праўладныя арганізацыі адраджаюць традыцыі савецкіх часоў. Напрыклад, у Беларусі абвесцілі пра стварэнне «цімураўскіх» піянерскіх атрадаў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў