У Францыі адзначылі гадавіну ўзяцця Бастыліі


14 ліпеня – галоўнае дзяржаўнае свята Французскай Рэспублікі. Яго адзначаюць яшчэ з 1879 года – перамога ў штурме фартэцыі лічыцца сімвалам згоды і яднання нацыі.

Урачыстасці адкрывае шэраг святочных баляў, пасля ў абавязковай праграме – вайсковы парад па авеню дэ Шанз-ЭлізЭ (Елісейскія палі), а ўвечары каля Эйфелевай вежы ладзіцца шыкоўны феерверк.

{movie}Парад з нагоды гадавіны ўзяцця Бастыліі|right|11590{/movie}

Штурм Бастыліі адбыўся ў 1789 годзе, запачаткаваўшы Вялікую французскую рэвалюцыю. Галоўная прычына была ў няздольнасці караля Люі XVI стрымаць імклівае банкруцтва краіны. На той момант больш за траціну насельніцтва аднаго толькі Парыжу складалі бесхацінцы. У адказ на скліканне Нацыянальнага сходу 9 чэрвеня таго ж года, які абвесціў стварэнне новага канстытуцыйнага ладу, Люі, як і кожны сапраўды дыктатар, увёў у сталіцу войскі.

Бастылію ж, якая хоць і была сімвалам тыраніі, штурмавалі перадусім дзеля таго, каб авалодаць яе арсеналам і ўзброіць парыжанаў для змагання супраць урадавых войскаў. Пазней фартэцыю разабралі, а на яе рэштках пакінулі напіс «Цяпер тут танчаць».

Сёння на месцы крэпасці стаіць Ліпеньская калона з пазалочаным бронзавым Геніем свабоды. У адной руцэ ён трымае паходню цывілізацыі, а ў другой – разарваныя ланцугі няволі.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў