За першыя 10 дзён ліпеня беларусы забралі з банкаў трыльён рублёў


https://youtu.be/player_embedded&v
Насельніцтва пачало забіраць грошы з банкаў. Паводле сённяшняй інфармацыі Нацыянальнага банку, у чэрвені ўпершыню з пачатку года знізіўся аб’ём рублёвых дэпазітаў.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ:
“На гэты момант лета, і, у прынцыпе, насельніцтва спрабуе збегчы з Беларусі куды-небудзь бліжэй мора, сонца. І гэткім чынам адбываецца невялікі адток дэпазітаў”.

Адток сапраўды невялікі, калі параўноўваць яго з тым ростам, які адбываўся з пачатку года. Са студзеня банкаўская сістэма толькі назапашвала аб’ёмы рублёвых дэпазітаў. Тэмпы запаволіліся ў траўні, а ўжо ў чэрвені людзі забралі з банкаў больш за Br 70 млрд. А вось толькі за першыя 10 дзён ліпеня з дэпазітаў знялі ажно Br 1 трлн!

І надалей сітуацыя можа яшчэ болей пагоршыцца. Нацбанк узяў дакладны курс на зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Гэта значыць, што рублёвыя дэпазіты будуць станавіцца менш выгоднымі. Абвастрыць праблему можа і рост курсу долара, які пачаўся ў ліпені.
{movie}Рублі забіраюць (12.07.2013)|right|11574{/movie}
АНТОН БОЛТАЧКА, ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ:
“Такім чынам можа здарыцца, што беларускі рубель стане не настолькі прывабны, і людзі будуць пераводзіць беларускія рублі ў долары, класці іх на рахункі ці пад падушку, ці ў 3-літровыя слоікі”.

Відаць, сітуацыя сапраўды робіцца сур’ёзнаю. Бо давер да рубля з боку насельніцтва стымулююць ужо на самым высокім урадавым узроўні.

МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР БЕЛАРУСІ:
“Для ажыятажу на валютным рынку няма ніякіх падставаў. Эканоміка краіны працуе стабільна, золатавалютных рэзерваў дастаткова. Станавіцца ў чэргі ў абменнікі няма ніякага сэнсу”.

Насельніцтва прэм’еру верыць. Прынамсі, сёння на вуліцах Менску мы сустрэлі адно рублёвых аптымістаў.

ЖЫХАР МЕНСКУ:
“Можа быць, ёсць нейкія сумневы, але ў цэлым – так, я веру, што ўсё ў нас будзе цудоўна, так. У тым ліку і з нацыянальнаю валютаю”.

А вось Нацбанк аптымізму не падзяляе. Сёння галоўная банкаўская ўстанова павялічыла прыватным банкам норму рэзервавання сродкаў для валютных дэпазітаў, давёўшы яе да 14 %. Гэта значыць, што банкі не будуць зацікаўленыя прыцягваць валюту ва ўклады, бо чым больш яны атрымаюць ад насельніцтва, тым болей “замарозяць” грошай на рэзервовых рахунках. А яшчэ Нацбанк настойліва парэкамендаваў банкам набываць дзяржаўныя валютныя аблігацыі.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ:
“Мяркуючы з усяго, Нацыянальны банк рыхтуецца бліжэй восені да чагосьці сур’ёзнага. І гэта, хутчэй за ўсё, будзе звязанае з сітуацыяй на валютным рынку, а таксама на банкаўскім рынку”.

Таму людзям цяпер трэба быць пільнымі ды ўважліва сачыць за валютнымі курсамі. Бо калі Нацбанк рыхтуецца да чагосьці дрэннага, то чаму б да гэтага ж не рыхтавацца і грамадзянам.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары