У Віцебску адкрылі зорку Эдыты П’ехі пад «геаграфічную» прамову старшыні гарвыканкаму


У першы дзень XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» на пляцоўцы каля Летняга амфітэатру адкрылі зорку Народнай артысткі СССР Эдыты П’ехі.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін і новы дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр Сідарэнка. Народную артыстку СССР суправаджаў ейны ўнук Стас П’еха.

У сваім прывітанні міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў адзначыў вялікі ўнёсак Эдыты П’ехі ў культуру нашай краіны, а таксама ўстанаўленне «Славянскага базару ў Віцебску». Ён адзначыў, што спявачка брала ўдзел яшчэ ў першым фестывалі польскай песні ў 1988 годзе.

Выступ старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна трохі зацягнуўся, бо ён пастанавіў успомніць багатую біяграфію Эдыты П’ехі. Калі ж чыноўнік па другім крузе пачаў пералічваць «усе гарады і краіны», у якіх яна выступала, захвалявалася не толькі публіка, але і самая спявачка. Ад доўгага стаяння ёй нават давялося абаперціся на руку маладога дырэктара «Славянскага базару ў Віцебску» Аляксандра Сідарэнкі, паведамляе сайт «Народныя навіны Віцебску».

Ці не ад доўгага стаяння ў спявачкі забалела нага, бо вечарам на ўручэнні ўзнагароды «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення», артыстка з’явілася, кульгаючы. Аляксандр Лукашэнка, які ўручаў узнагароду, знайшоў у яе траўме «велізарны сімвал». «Тое, што вы падвярнулі нагу, – у гэтым велізарны знак, – падкрэсліў кіраўнік Беларусі. – На ўсё можна забыцца. Кветак вам дарылі мора, акіян. Узнагароды ў вас ёсць. Хоць такой, напэўна, няма? Але тое, што вы, ідучы на гэтую цырымонію ўзнагароджання, падвярнулі, гэта заўсёды будзе памятацца», падае партал Tut.by.

Пасля віншаванняў перад прысутнымі выступіў віцебскі дзіцячы калектыў, які выканаў песню «Надзея» Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, першаю выканаўцаю якой стала Эдыта П’еха. Затым прагучаў невялікі салют.

Імянныя зоркі ў Алеі зорак перад Летнім амфітэатрам – галоўнаю сцэнаю «Славянскага базару ў Віцебску» – усталёўваюць артыстам, уганараваным адмысловаю ўзнагародаю Аляксандра Лукашэнкі «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення». Памятныя зоркі закладаюць перадусім у гонар прадстаўнікоў расейскай сцэны – Алы Пугачовай, Льва Лешчанкі, Сафіі Ратару, Валерыя Лявонцьева і г. д. Беларусаў у алеі зорак зусім няшмат: ансамбль «Песняры» з Уладзімірам Мулявіным ды кампазітар Ігар Лучанок.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў