Магілёўцы запатрабавалі ад Чаргінца, каб Лукашэнка выбачыўся за распаўсюд гвалту


Выказванні кіраўніка дзяржавы могуць негатыўна адбіцца на псіхіцы дзяцей, лічаць жыхары Магілёва. 12 насельнікаў абласнога цэнтру скіравалі старшыні Грамадскай рады маральнасці Мікалаю Чаргінцу, генпракурору Аляксандру Канюку і міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму ліст, у якім просяць не дапускаць публічных пагрозаў гвалту з боку Лукашэнкі.

Ініцыятарам звароту стаў мясцовы актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі. Пагрозу насілля аўтары ліста ўгледзелі ў выступе Аляксандра Лукашэнкі падчас нядаўняга наведвання ім Магілёўскай вобласці.

У сюжэце, паказаным на беларускіх афіцыйных тэлеканалах 8 ліпеня, кіраўнік дзяржавы, закранаючы тэму вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі, заявіў, што “здыме галаву” службовым асобам, калі вырабленая тэхніка будзе няякаснаю.

“Гэты рэпартаж бачылі праз БТ не толькі дарослыя, але і дзеці. І ў свядомасці дзяцей, маладога пакалення, членаў БРСМу пагрозы жудаснай расправы – “адарваць галаву” падпарадкаваным міністрам – з боку гаранта правоў і законнасці маладой незалежнай дзяржавы асацыюецца з фільмамі жахаў”, – паведамляецца ў лісце.

Аўтары звароту просяць кіраўніка Грамадскай рады маральнасці, які ёсць старшынём камісіі правоў чалавека і медыяў Палаты прадстаўнікоў, а таксама генпракурора і міністра інфармацыі “не дапускаць у медыях паказу і публікацыі выказванняў кіраўніка дзяржавы, якія могуць адмоўна адбіцца на псіхіцы дзяцей, а таксама дыскрэдытаваць нашую сінявокую Беларусь у вачах сусветнай супольнасці”.

У лісце паведамляецца пра неабходнасць абмеркаваць такія выказванні на адмысловых слуханнях у Палаце прадстаўнікоў, а таксама забавязаць лідара Беларусі прынесці публічныя прабачэнні ў медыях “зняважаным міністрам, дзецям і тэлегледачам”.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары