Літва набывае беларускае піва замест чэшскага і нямецкага


З новага года экспарт беларускага піва можа павялічыцца ўтрая.

Гаворка наперш ідзе пра Літву. Тут беларускае піва пачало займаць нішу дагэтуль папулярных чэшскага і нямецкага напояў.

У бровары “Лідскае піва” патлумачылі, што падатак Еўразвязу на імпарт з трэціх краінаў сёння складае 0%. У выніку агульны паказнік экспарту нашага піва летась вырас у 2,5 разу. «Маючы якасны прадукт і рэкламу, мы пашырым сетку экспарту і аб’ём паставак. Ужо сёння можна казаць пра павелічэнне ў 3,1 разу мінулагодніх паказнікаў», – паведаміла старшыня аддзелу маркетынгу Таццяна Бабурчык.

Старшыня ўпраўлення каардынацыі ды развіцця алкагольнай і крухмальнай галінаў канцэрну “Белдзяржхарчпром”Аляксандр Арэхаў адзначае: “Беларускае піва дэманструе паляпшэнне якасці, пры гэтым кошт на прадукцыю застаецца нізкім. Таму ўжо сёння нашыя кампаніі актыўна заваёўваюць замежныя рынкі”.

У 2010 годзе нашыя вытворцы паставілі за мяжу 275,9 тыс. далаў*. Паводле канцэрну “Белдзяржхарчпром”, лідарам павелічэння экспарту стаў бровар “Берасцейскае піва”. Яно ўпершыню выйшла на замежны рынак і адразу – з 23,4 тыс. даламі напою. Таксама добрыя паказнікі ў “Крыніцы”, піўзаводу “Аліварыя” і “Лідскага піва”.

* 1 дал = 10 літраў

belsat.eu

Стужка навінаў