Чарговы ўдар па рэстаўратарах у «Краіне замкаў»


Прафесія рэстаўратара ў Беларусі вымірае. Арганізацыі, якія прафесійна аднаўляюць помнікі архітэктуры, знікаюць. А старыя майстры не пакідаюць вучняў. Што будзе з праграмаю «Замкі Беларусі»?

Згортванне рэстаўрацыі

З ліпеня спыніла існаванне «Берасцерэстаўрацыя» – апошняя абласная арганізацыя, якая прафесійна займалася адбудоваю гістарычных будынкаў. Яна аднаўляла велізарны палац Радзівілаў у Ружанах, у якім меў паўстаць нават тэатр.

Фармальна «Берасцерэстаўрацыя» стала філіялам «Белрэстаўрацыі» і пакуль захавала штат. Але як сітуацыя будзе развівацца далей, залежыць ад планаў і бюджэтнага фінансавання. Гэтак патлумачылі ў «Белрэстаўрацыі», што не гэтак даўно праглынула яшчэ адную арганізацыю – «Праектрэстаўрацыю».

Апошняя займалася праектаваннем аднаўленчых працаў, якое мае некалькі спецыфічных этапаў. Самы важны з іх – складанне гістарычнай даведкі пра аб’ект, без якой немагчыма стварыць праект рэстаўрацыі: трэба архіўныя звесткі пра страчаная элементы архітэктуры, наяўнасць каштоўнага археалагічнага слою або рэштак іншых пабудоваў, перабудовы і рэстаўрацыі, які ўжо адбыліся. Яшчэ адзін важны этап – вызначэнне элементаў, якія будуць рэстаўраваць, і матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць.

Пакуль філіял, у які ператварылі «Праектрэстаўрацыю», таксама захаваў працаўнікоў. Але ці надоўга? Цяпер чыноўнікі ўсяляк імкнуцца да таго, каб зашчадзіць на рэстаўрацыі, разабраць будынак і на яго месцы паставіць новы, «з захаваннем гістарычнага аблічча». Старшыня Таварыства аховы помнікаў Беларусі Антон Астаповіч звяртае ўвагу, што ў нашай краіне адсутнічае сістэма ліцэнзавання ў галіне правядзення праектных і вытворчых працаў на гістарычных аб’ектах.

Росквіт і заняпад

У 1969 годзе ў Менску ўтварыліся рэспубліканскія майстэрні па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. З часам філіялы гэтай арганізацыі з’явіліся ў іншых гарадах. Паводле гарадзенскага гісторыка архітэктуры Ігара Трусава, архітэктары, археолагі і гісторыкі, якія там працавалі, былі высока кваліфікаванымі адмыслоўцамі, якія стажыраваліся па-за межамі Беларусі. Менавіта ў 1970-я на высокім ўзроўні былі праведзеныя каштоўныя раскопкі шмат у якіх кутках краіны. Праўда, будаўнічыя працы па рэстаўрацыі былі далёкія ад ідэалу, на што не ў апошнюю чаргу паўплывала нізкая якасць матэрыялаў у савецкія часы.

Пасля распаду СССР абласныя філіялы праектных майстэрняў сталі самастойнымі арганізацыямі. Аднак ужо ў першай палове 1990-х яны пачалі знікаць: былі цяжкасці з фінансаваннем, а ўлады не імкнуліся дапамагчы. За апошнія 20 гадоў у Беларусі зніклі ўсе абласныя арганізацыі, якія аднаўлялі архітэктурныя помнікі. «Белрэстаўрацыя», якая засталася, мае свае філіялы толькі ў Менску і Берасці. Адкрыць прадстаўніцтва, скажам, у Горадні, дзе найлепш з усіх абласных цэнтраў захавалася старая частка гораду, не лічаць патрэбным.

Напрыклад, у Горадні рэстаўратараў паставілі перад выбарам: уладкавацца ў інстытут «Горадняграмадзянпраект» або шукаць іншую працу. Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў апынуўся тады на вуліцы і мусіў уладкавацца інспектарам рыбнай аховы. Яшчэ некалькі таленавітых адмыслоўцаў заняліся праектаваннем катэджаў. Гэткім жа чынам кадры былі страчаныя і ў іншых гарадах.

Чаму рэстаўратары не бяруць вучняў?

Цяпер рэстаўратараў рыхтуе Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Гэта адбываецца на ўзроўні спецыялізацыі, якую можна выбраць на 3-м курсе. Сістэма павышэння кваліфікацыі гэтых адмыслоўцаў адсутнічае. Чаму ж рыхтаваннем кадраў не зоймуцца прафесіяналы, якія страцілі працу?

Паводле Ігара Трусава, у Беларусі створаная сістэма, у якой прафесія рэстаўратара стала непатрэбнаю. Таму рыхтаваць студэнтаў, якія пасля не будуць працаваць паводле спецыяльнасці, няма сэнсу, і гэта вялікая праблема. «Самае крыўднае, што ў такіх выдатных адмыслоўцаў, як Валянцін Калнін, Вадзім Гліннік, Уладзімір Бачкоў няма вучняў», – гаворыць Ігар Трусаў. Ён звяртае ўвагу на тое, што большасці сапраўдных прафесіяналаў сёння ўжо за 50, і пераемнікаў яны, хутчэй за ўсё, ужо не пакінуць…

Што ж да нашумелай праграмы «Замкі Беларусі», дык, паводле Антона Астаповіча, паводле большасці аб’ектаў грошай хапае адно «на касьбу травы ды бензін».

ІА, belsat.eu

У матэрыяле выкарыстаны рэферат Ігара Трусава «Праблема ўліку помнікаў архітэктуры, іх аховы і кансервацыі на тэрыторыі Горадні і вобласці ў 1987–2009 гг.».

Стужка навінаў