Што робяць у валанцёрскіх летніках?


Добра адпачыць і плённа папрацаваць у гістарычных кутках Беларусі запрашаюць летнікі грамадскіх ратаўнікоў помнікаў.

Валанцёрскі рух – гэта дабрачынная дзейнасць, якая аб’ядноўвае людзей, што імкнуцца змяніць свет да лепшага. Ужо некалькі гадоў запар беларускія добраахвотнікі збіраюцца разам, каб ратаваць гістарычныя славутасці нашага краю.

Моладзь з розных куткоў Беларусі з’язджаецца ў адно месца, каб жыць у намётах, праводзіць вечары пры вогнішчы ды з песняй, а ўдзень добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол занядбаных уладамі замкаў, палацаў, касцёлаў і цэркваў. Некаторыя з летнікаў прапануюць паўдзельнічаць у складанні турыстычных маршрутаў для раварыстаў або пешых, правесці археалагічныя раскопкі, задакументаваць вусную гісторыю, дапамагчы ў пошуках і прыбіранні паўстанцкіх магілаў і г. д.

Архітэктурны комплекс езуітаў у Юравічах. Фота radzima.orgАрхітэктурны комплекс езуітаў у Юравічах. Фота radzima.orgСёлета 8-мы год запар валанцёрскі летнік пройдзе ў палескім мястэчку Юравічы. З 2-й паловы XVII ст. у Юравічах дзеялі прадстаўнікі каталіцкага ордэну езуітаў, якія пабудавалі ў мястэчку свой кляштар і касцёл. У XVIII стагоддзі пры Юравіцкай езуіцкай рэзідэнцыі былі школа, музычная бурса, тэатр, бібліятэка, а мястэчка мела Магдэбургскае права. За савецкім часам на загад мясцовага старшыні калгасу касцёл пачалі разбіраць на цэглу. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці былы будынак касцёлу перадалі Праваслаўнай царкве, а пры былым езуіцкім кляштары свой манастыр заснавалі праваслаўныя манахі.

Валанцёры, што рэгулярна прыязджаюць у Юравічы, дапамагаюць манахам аднаўляць святыню, расчышчаюць манастырскія падзямеллі. «У летнік прыязджаюць пераважна студэнты, – расказаў «Белсату» арганізатар валанцёрскіх працаў Яўген Малікаў. – Гэта крэатыўныя, творчыя людзі, у якіх маса ідэяў і якія свае ідэі рэалізоўваюць у Юравічах на добрую справу».

Спадар Яўген распавёў, што колькасць добраахвотнікаў вар’юецца кожны год ад 15 да 50 чалавек, а прыехаць можа кожны ахвотны, хто, аднак, добра ўсведамляе, што за ягоную працу не заплоцяць. Два гады запар у летнік прыязджала моладзь з Польшчы. Гэта былі студэнты з Кракава, якія цікавіліся Беларуссю і яе гісторыяй. Кракаў і Юравічы лучыць яшчэ і тое, што дакладная копія цудоўнага абраза Маці Божай Юравіцкай захоўваецца ў кракаўскім касцёле святой Барбары.

Яшчэ адною цікаваю прапановаю валанцёрскага летніку можа быць ініцыятыва «Паўстанцы Наваградчыны–2013», якая патрывае да канца жніўня. 4 ліпеня каманда летніку рушыла ў першую вандроўку для правядзення палявых доследаў на Наваградчыне. Удзельнікі ініцыятывы наведалі вядомыя пахаванні паўстанцаў 1863–1864 гг. і вызначылі план неабходных працаў, каб добраўпарадкаваць памятныя мясціны. Шмат якія магілы занядбаныя, таму спатрэбяцца сілы для ачышчэння тэрыторыі ды паверхні надмагілляў.

Спраўдзіць інфармацыю, дзе сёлета арганізуюцца валанцёрскія летнікі, ды выбраць адпаведны для сябе можна тут.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў