Ураган завітаў у гарналыжны цэнтр


Праз моцны вецер 8–9 лютага пацярпелі восем населеных пунктаў.

Парывы моцнага ветру цыклону Нікаласа даходзілі да 25 м/с. У васьмі населеных пунктах сур’ёзна пашкоджаныя будынкі, а больш як 1,3 тыс. засталіся без электрынасці.

У сталічным мікрараёне Курасоўшчына ад расталага снегу, моцных ападкаў і магутнага ветру пашкодзіліся чатыры апоры атракцыёну (рэйкавыя санкі), абвалілася зямля са схілу ў гарналыжным цэнтры “Сонечная даліна”.

У Горадні паваленыя дрэвы пашкодзілі чатыры легкавыя аўтамабілі. Вецер сарваў агароджу каля шматпавярховага дому і зламаў вежу мабільнага аператара ў мікрараёне “Дзевятоўка”.

У прэс-службе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паведамляюць: “Больш за ўсё пацярпелі Гарадзенская (431 населены пункт), Менская (275) і Віцебская (267) вобласці. Ахвяраў няма. Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы”.

Паводле звестак “Белэнерга”, на тэрыторыі краіны засталіся без электрычнасці 1318 населеных пунктаў. І ў 257 электразабеспячэнне яшчэ не аднавілася.

“Белгідраметэацэнтр” прагназуе, што парывісты вецер захаваецца да чацвярга. Старшыня службы гідраметэаралагічных прагнозаў Дзмітры Рабаў адзначыў: “З 10 лютага ў краіне чакаецца пахаладанне да –10. Парывы ветру будуць дасягаць 10–12 м/с”. Сёння ў краіне па-ранейшаму захоўваецца стан штурмавога папярэджання.

belsat.eu

Стужка навінаў