Ва Украіне разбіўся аўтобус з беларускімі дзецьмі, 8 загінулых (Абноўлена)


Сёння а 7.34 у раёне вёскі Воля-Любітоўская Ковельскага раёну сутыкнуліся два пасажырскія аўтобусы.

“У адным з аўтобусаў, які перавозіў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на адпачынак у Балгарыю, былі 50 чалавек, з іх 40 падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў, восем дарослых і два кіроўцы, – гаворыцца ў паведамленні. – Другі аўтобус ажыццяўляў перавозку пасажыраў на маршруце Луцк – Шацк. Колькасць пасажыраў у аўтобусе высвятляецца”, – паведамляе ўпраўленне Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Валынскай вобласці.

Згодна з удакладненымі звесткамі, у выніку аварыі загінулі восем чалавек, адзін з іх беларус 2000 года нараджэння, яшчэ 30 чалавек атрымалі траўмы. Пацярпелыя, сярод якіх 22 грамадзянін Беларусі, шпіталізаваныя ў Ковельскую цэнтральную раённую бальніцу.

Пракуратура Валынскай вобласці пачала дасудовае расследаванне ДТЗ з удзелам беларускіх турыстаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба пракуратуры са спасылкаю на намесніка пракурора Валерыя Невірэца. Ён распавёў, што месца здарэння працягваюць аглядаць, акалічнасці ДТЗ пакуль усталёўваюцца.

Паводле інфармацыі МНС Беларусі, арганізатарам паездкі беларускіх дзяцей было ТАА “Кампанія “Белфрэш”. Аўтобус з пасажырамі адправіўся з Менску 10 ліпеня прыкладна а 21.30. Заснавальнік кампаніі знаходзіцца на месцы здарэння, але ад каментароў адмаўляецца.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі арганізавала гарачую лінію для родных і блізкіх пацярпелых: +375 17 209-27-76, +375 17 209-27-67.

АК, belsat.eu, паводле belapan.com

Глядзі таксама
Каментары