Як жывецца беларускаму хлопчыку, якога ўсынавіла сям’я з Даніі?


Датчане штогод усынаўляюць болей за паўтысячы дзяцей-сіротаў з усяго свету. Разам жа з 1970 года ў гэтай скандынаўскай краіне новы дом знайшлі больш за 15 тыс. дзяцей. Ёсць сярод іх і беларусы.

Гэтага 14-гадовага хлопчыка, які гэтак жвава выконвае складаныя гімнастычныя сальта на батуце, цяпер завуць Пітэр. Пітэр Мюлер. Імя Уладзімір, якое яму далі пры нараджэнні, тут намагаюцца забыць. Бо яно нагадвае пра тое, што біялагічныя бацькі Уладзя адмовіліся ад яго яшчэ ў радзільні. Сваю родную мову хлопчык таксама забыў.

ПІТЭР МЮЛЕР:
“У мяне засталося мала ўспамінаў пра Беларусь. Памятаю, што там вельмі холадна зімою і шмат снегу на двары. Але я спадзяюся аднойчы зноў наведаць бацькаўшчыну”.

Наведаць радзіму і нават сустрэцца з біялагічнымі бацькамі, тым самым дараваўшы ім тое, што яны з ім зрабілі, – гэткая мара Пітэра. Сваіх новых маці і бацьку – 45-гадовых капэнгагенскіх інжынераў Міе Олесэн і Томаса Мюлера – ён лічыць сапраўднымі бацькамі. Бо ў іхных сэрцах хлопчык знайшоў тое, чаго быў пазбаўлены на радзіме.
{movie}Беларускі хлопчык у Даніі |right|11545{/movie}
ТОМАС МЮЛЕР, БАЦЬКА:
“Мы даём яму шмат любові і падтрымання, – усё, што ў нашых сілах. З тым, каб ён бяспечна пачуваўся дома, каб бавіўся ў розныя гульні ды атрымліваў асалоду ад жыцця”.

А яшчэ, як і ўсе бацькі, Міе і Томас мараць, каб іхны сын атрымаў добрую адукацыю, сягнуў поспехаў у гімнастыцы, якую ён гэтак любіць, і авалодаў улюбёнаю справаю.

ПІТЭР МЮЛЕР:
“Я мару стаць паліцыянтам, бо гэта надзвычай цікавая праца. Або служыць у войску і абараняць Данію, калі раптам будзе вайна. Але калі вайны не будзе, то я хацеў бы стаць дызайнерам цацак “Lego”.

Але маці Уладзя-Пітэра ўпэўненая, што сваю будучыню хлопец звяжа з мірнаю прафесіяй дызайнера. Міе, дарэчы, заўсёды называе Пітэра сваім сынам. Як і яшчэ аднаго хлопчыка, якога яны разам з мужам забралі з дзіцячага дому ў Кітаі.

МІЕ ОЛЕСЭН, МАЦІ:
“Цяпер Пітэр і ягоны брат – гэта нашыя дзеці. Нібы я іх нарадзіла самая. У штодзённым жыцці мы наагул не згадваем пра ўсынаўленне Пітэра. Ён проста наш сын і ўсё”.

Пазіцыю Міе Олесэн у Даніі шмат хто падзяляе.

ТЭРЭЗЭ ДЫРКС, «ADOPTIONS NAVNET»:
“…У кожнага чалавека ёсць жаданне мець дзяцей. І калі гэта немагчыма натуральным, біялагічным шляхам, то ён мае права ўсынавіць дзіця. І, я лічу, урад мусіць гуляць пэўную ролю, з тым, каб зрабіць гэта магчымым”.

У адрозненне ад сваіх цяперашніх беларускіх калегаў, дацкі ўрад робіць усё, каб працэс усынаўлення дзяцей з іншых краінаў не ператвараўся ў складаную бюракратычную працэдуру.

Агулам з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці і да 2004 года ў Даніі ўсынавілі крыху больш за 100 дзяцей-сіротаў з Сінявокай. Потым на пастанову кіраўніцтва Беларусі гэты працэс цалкам спыніўся. Слушны гэта крок або не – няхай разважаюць самыя дзеці. Але калі чалавек шчаслівы, то якая, урэшце, розніца, што за неба ў яго над галавою – беларускае ці дацкае. Шчаслівае неба не ведае межаў.

Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Данія, belsat.eu
https://youtu.be/rGSj2MRNO80

Глядзі таксама
Каментары