Кожны ахвочы можа прапанаваць назву для фільму пра Горадню


Кароткаметражная стужка пра ваенныя падзеі ў верасні 1939 года мае паўстаць у Польшчы. Яе сцэнар ужо амаль напісаны, а цяпер у адмысловай групе на “Facebook” збіраюць прапановы для назвы будучага фільму. “Белсат” паразмаўляў з аўтарам ідэі, старшынём Фонду Яўхіма Лялевэля Пётрам Касьціньскім.

Спадар Пётра, у першую чаргу вас ведаюць як карэспандэнта буйной газеты “Rzeczpospolita”, які, сярод іншага, шмат працаваў у Беларусі. Чаму вы вырашылі заняцца яшчэ фільмам на такую тэму?

– Я як журналіст заўжды цікавіўся гісторыяй. Калісьці пісаў пра абарону Горадні ў 1939 годзе. Я аўтар дзвюх кнігаў пра падзеі, што адбываліся ў 1930–1936 гады на памежжы савецкай Украіны і Польшчы. Потым з’явіўся фільм паводле гэтай кніжкі – “Праз чырвоную мяжу” (“Przez czerwona granicę”). Гэта быў дакументальны фільм. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб зрабіць такі фільм пра Горадню.

Трэйлер фільму “Праз чырвоную мяжу” (“Przez czerwona granicę”), знятага паводле кнігі Пётра Касьціньскага:

{movie}Трэйлер фільму “Праз чырвоную мяжу” (“Przez czerwona granicę”)|right|11533{/movie}

І ён будзе здымацца не ў Горадні?

– Так. Прычыны гэтага розныя. Улады, напэўна, не вельмі хацелі б, каб такі фільм паўстаў у Горадні. Я глядзеў леташнюю перадачу на беларускім дзяржаўным тэлебачанні пра 17 верасня. Там вельмі непрыязна гаварылі пра Польшчу. Але нават калі б і ўдалося дамовіцца з уладамі, то ёсць большыя цяжкасці. Трэба было б праз мяжу прывезці людзей, форму, карабіны. Нават калі яны пашкоджаныя і не могуць ужо страляць, то памежнікі могуць палічыць, што гэта зброя. Усё гэта павялічвае кошты. Мы думаем пра Люблін ці Ломжу. У гэтым няма нічога дзіўнага. Напрыклад, для серыялу “Анна Герман”, вельмі папулярнага ў Польшчы, Крэмль здымалі ў Лівадыйскім палацы ў Ялце. Канечне, не ўдасца замяніць гарадзенскіх замкаў. Іх здымкі маюць адбывацца на натуры.

Хто будзе здымацца ў фільме?

– Што да акторскага складу, то ў фільме пра дэпартацыю палякаў з Украіны “Праз чырвоную мяжу” гралі прафесійныя акторы, прычым абсалютна бясплатна. Напрыклад, вельмі вядомыя Павэл Ваўжэцкі, Мар’юш Кшэміньскі. Я таксама там граў, хоць я зусім не артыст. У фільме пра Горадню будуць зоркі, але пакуль я не раскрыю іхных імёнаў. Важна, каб акторы маглі размаўляць так, як людзі таго часу. Напэўна, мае быць беларус, які можа размаўляць па-беларуску. У Варшаве ёсць вельмі добрая рэканструкцыйная група “Каліна красная”, якая працуе з тэмаю савецкай арміі. У іх ёсць адпаведная форма, зброя. Групаў, якія займаюцца польскім войскам, вельмі шмат. Цяжкасці могуць узнікнуць з цывільным насельніцтвам. Убраць шмат гараджанаў у перадваеннае адзенне – гэта не проста.

Медыі пісалі, што стужка ствараецца супольна з “Саюзам палякаў у Беларусі”. Якая тут роля арганізацыі?

– Яны па той бок мяжы шукаюць людзей, якія маглі б прыехаць на здымкі. Мы разам таксама шукаем фінансы, бо маем іх зусім няшмат. Увогуле, не хацелі б, каб гэта быў польскі фільм пра палякаў, але пра гісторыю, якая была. Усё ж у наступным годзе будзе 75-я гадавіна ўваходжання савецкіх войскаў у Горадню. Мы хочам паказаць драму: 16 верасня Беласток ужо занялі немцы, а 17 верасня з усходу раптоўна падышлі бальшавікі. Як бараніцца людзям у такой сітуацыі?

Размаўляла Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў