Заводзіць справу за напад на Някляева суд адмовіўся. Палітык не здаецца (відэа)


Уладзімір Някляеў працягне абскарджваць адмову пракуратуры распачынаць крымінальную справу паводле факту бандыцкага нападу на яго і збіцця 19 снежня 2010 года.

Някляеў дамагаўся, каб суд адмяніў пастанову пракуратуры, якая адмовілася распачынаць крымінальную справу супраць тых, хто выкраў і збіў яго. Экс-кандыдат мяркуе, што збівалі яго працаўнікі спецслужбаў: тыя былі ў масках, і прысутныя міліцыянты ніяк не рэагавалі. Непрытомнага Някляева адвезлі ў шпіталь, адкуль яго выкралі і даставілі ў СІЗА КДБ.

Сёння суд Цэнтральнага раёну Менску пакінуў пастанову пракуратуры ў сіле. Гэтае рашэнне палітык абскардзіць у Менскім гарадскім судзе.

19 снежня былі бандыцкі напад і выкраданне, – упэўнены Някляеў. – Па гэтых фактах крымінальная справа мусіць заводзіцца аўтаматычна. Ёсць і выснова судмедэкспертызы, дзе сказана, што тыя сляды, якія ў мяне засталіся на галаве, – гэта сляды ад удараў тупым прадметам і гэтыя пашкоджанні выклікалі разлады, але і гэтыя доказы пракуратура і суд адкінулі. Добра, няхай яны лічаць, што нападалі не супрацоўнікі спецслужбаў, але тады чаму не заводзіцца крымінальная справа паводле факту нападу бандытаў?

{movie}Някляеў: Пракуратура павінна знайсці бандытаў, якія збілі мяне і забралі апаратуру |right|11530{/movie}

Някляеў падкрэсліў, што “будзе рухацца далей, няхай няма выніку сёння, але ён будзе заўтра”. Праваахоўныя органы абавязаныя знайсці бандытаў у чорнай форме без апазнавальных знакаў, якія збіваюць і рабуюць грамадзянаў у цэнтры гораду, бо гэта іхны наўпроставы абавязак, лічыць Някляеў.

Палітык распавёў “Белсату”, што яшчэ падчас перабывання ў турме КДБ напісаў заяву ў пракуратуру, у якой прасіў распачаць крымінальную справу супраць вінаватых. Другую такую ж ён напісаў адразу пасля выйсця на волю. Усяго заяваў было 5. Але Някляеў штораз атрымліваў адмову. Маўляў, доказаў таго, што фізічную сілу прымянялі праваахоўнікі, не знайшлі.

{movie}Уладзімір Някляеў пасля збіцця падчас паходу на Плошчу|right|11525{/movie}

Паводле спадара Някляева, на пазітыўны сыход справы ў беларускіх умовах разлічваць цяжка. Але звяртацца ў суды варта, каб папоўніць “агульную папку” дакументальна пацверджаных абвінавачанняў беларускаму рэжыму: “Калі сітуацыя зменіцца, мала будзе гучных словаў. Спатрэбяцца доказы”.

АК, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў