Макей: Правы чалавека падзяляюць свет


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей выклаў сваё разуменне правоў чалавека для часопісу «Расея ў глабальнай палітыцы». Прычым выключна па-ангельску – расейскамоўная версія сайту выдання не дзеліцца з чытачом развагамі беларускага дыпламата. Мы выбралі самае, на наш погляд, цікавае. Агулам з тэкстам можна азнаёміцца тут.

У сваёй тэорыі Макей абгрунтоўвае, чаму ў Расеі свой адмысловы шлях разумення, што такое правы чалавека. Корань гэтага – у гістарычна адметным шляху Расеі ды падначаленых ёй тэрыторыяў: «Разглядаючы ў палітычнай перспектыве, спецыфічныя гістарычныя ўмовы перадвызначылі фармаванне моцна цэнтралізаванай дзяржавы ў Расеі, а таксама на шэрагу тэрыторыяў, што былі пад яе кантролем ці ўплывам у больш познія часы». Пад «спецыфічнымі гістарычнымі ўмовамі» міністр разумее мангола-татарскае нашэсце і Смутны час, калі ўлада была ў руках іншаземцаў. Тут ён спасылаецца на амерыканскага філосафа і палітолага Фрэнсіса Фукуяму. «Расейскія арыстакраты, памятаючы мангольскае ярмо і Смутны час, баяліся слабай дзяржавы, таму аддалі манархіі ўсю моц улады».

Менавіта з гэтага страху спадар Макей выводзіць схільнасць усходніх славянаў да моцна цэнтралізаванай улады: «Нягледзячы на тое, што сярод расейцаў і ўсходніх славянаў з часоў Пятра Вялікага ў 18-м стагоддзі спаборнічаюць два погляды на будучыню, «заходніцтва» і «славянафільства», выглядае на тое, што асаблівыя гістарычныя ўмовы ў больш ранніх стагоддзях сфармавалі іх цэнтралізаваную і калектывісцкую натуру».

Далей далучаецца геаграфічны фактар уплыву на разуменне канцэпцыі правоў чалавека. Пасля распаду Рымскай імперыі натуральны рэльеф у Еўропе – з гарамі ды рэчкамі – спрыяў стварэнню невялікіх дзяржаваў. У той час як на тэрыторыі Еўразіі – раўніны, на якіх ствараліся буйныя тэрытарыяльныя адзінкі. А калі шмат еўрапейскіх дзяржаваў стала аб’ядноўваць Каталіцкая царква, каб ужыцца побач, неабходна было дзяліцца ўладаю. Гэтак і прызвычаіліся. Да таго ж паўплываў такі фактар, як мор у 14-м стагоддзі: «Як піша Фукуяма, Чорная смерць значна скараціла насельніцтва Еўропы, што, у сваю чаргу, прымусіла ўлады ісці на саступкі той працоўнай сіле, што засталася».

Усё гэта спрыяла развіццю індывідуалізму і адпаведнаму разумення правоў асобы. У амерыканцаў, згодна з беларускім дыпламатам, – тая ж гісторыя. Клімат і ўмовы выжывання абумовілі высокі індывідуалізм нашчадкаў перасяленцаў. Да таго ж, ехалі ў Амерыку кальвіністы, якім было цесна ў Еўропе, і ўсе тыя, хто марыў пра пабудову лепшага свету. З тых часоў у амерыканцаў самасвядомасць ратавальнікаў свету. І тут жа цытата з амерыканскага гісторыка і пісьменніка Артура Мэера Шлезінгера: «Амерыканцам варта працверазець ад ідэалагічнага хмелю і вярнуцца да халоднага, шэрага рэалізму бацькоў-заснавальнікаў, мужчынаў, якія дакладна разумелі ролю інтарэсаў і сілы ў небяспечным свеце і тое, што выратавання Амерыкі дастаткова, без спробаў ратаваць увесь свет».

Напрыканцы міністр адзначае, што ўсе спрэчкі на тэму правоў чалавека апошнімі гадамі толькі даказваюць, што немагчыма змяніць гістарычна абумоўленае стаўленне народу да гэтага пытання. Маўляў, у ААН і былі намаганні стварыць тэорыю пад разуменне канкрэтных краінаў, але яны, на жаль, не ўдаліся. І цяпер, паводле Уладзіміра Макея, час таксама неспакойны: «Непакоіць, што ў той жа час апаненты Захаду, абапіраючыся на гістарычна абумоўленыя сацыяльныя ўсталёўкі, вымушаныя больш клапаціцца пра пабудову міру і гармоніі ў сябе дома, чым прасоўваць ўласныя каштоўнасці. Вонкаваму гледачу можа падацца, што яны перабываюць у стане абароны, а значыць, калектыўныя правы больш важныя за індывідуальныя».



Каб зусім ужо замацаваць эфект, міністр падагульняе: тое, што адны намагаюцца падаць як універсальную канцэпцыю, – усяго толькі іх гістарычна абумоўленае разуменне. І не трэба замінаць усходнім славянам пад кіраўніцтвам Расеі ісці сваім, адметным, шляхам.



Даведка “Белсату”:

Уладзімір Макей у вольны ад публікавання асабістых інтэрпрэтацыяў тэорыяў сусветна вядомых палітолагаў час працуе міністрам замежных справаў Беларусі. На гэтай пасадзе ён замяніў Сяргея Мартынава, а перад гэтым з 2008 года узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Дзякуючы новаму прызначэнню Макей атрымаў магчымасць такі наведаць Еўропу – 24 чэрвеня з яго знялі візавыя абмежаванні.

Шлях да поспеху спадар Макей пачаў у 1993 годзе, калі трапіў на дыпламатычную службу ў Міністэрства замежных справаў. Там яго заўважыў новы кіраўнік краіны і ўжо ў 2000 годзе прызначыў сваім асабістым памочнікам. Макей неаднаразова падкрэсліваў сваю адданасць ідэі шматвектарнай палітыкі. Гэтак, падчас пацяплення беларуска-еўрапейскіх адносінаў ён рэпрэзентаваў інтарэсы Менску перад замежнымі палітыкамі. Як ведаем, сяброўства з Бруселем не склалася і ў 2011 годзе, ён распускае Грамадска-кансультацыйную раду, у якую ўваходзілі незалежныя аналітыкі ды грамадскія дзеячы. Пасля прызначэння на пасаду кіраўніка МЗС, Макея запрасілі ў Кракаў, на нараду краінаў «Усходняга партнёрства» і Вышэградскай групы, аднак замест яго паехала намесніца міністра Алена Купчына.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў