Еўрапарламент паўторна разгледзіць даклад Палецкіса аб Беларусі


Справаздача наконт сітуацыі ў Беларусі, якую дакладчык Еўрапарламенту Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Еўракамісіі, Рады ЕЗ і Службы вонкавых дзеянняў Еўракамісіі, абмяркуюць сёння паўторна на паседжанні Камітэту ў замежных справах Еўрапарламенту ў Бруселі.

Справаздачу падрыхтавалі паводле вынікаў візіту Палецкіса ў Менск 18–21 сакавіка. 30 траўня Камітэт у замежных справах разгледзеў яе ў першым чытанні. Паводле ацэнкі самога дакладчыка, дыскусія была “гарачая”.

Я адразу сказаў, што будзе эмацыйная і адкрытая размова. Тым больш на такую набалелую тэму. Я паўтараю: за 19 гадоў не было аніводнай дыскусіі пра Беларусь, аб шляхах яе рашэнняў. Увесь час рэакцыя на нейкія падзеі ў гэтай краіне. А варта было спыніцца, падумаць і паспрачацца пра тое, як варта далей ісці. Не было такога”, – падкрэсліў спадар Палецкіс.

Больш інфармацыі пра першы разгляд дакладу Юстаса Палецкіса ў Еўрапарламенце – у архіўным відэаматэрыяле “Аб’ектыву”: {movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра крытыку дакладу Юстаса Палецкіса|right|11490{/movie}

Дакумент выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы абурыліся тым, што ў дакладзе сказана пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс у сваю чаргу сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Разам з тым дакладчык прызнаў: фармулёўка пра “паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека” ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.

Да 12 чэрвеня быў абвешчаны прыём дапаўненняў і змяненняў у даклад. Пасля сканчэння гэтага тэрміну Палецкіс паведаміў, што паступіла больш як 300 дапаўненняў і прапановаў.

Рыхтуючыся да абмеркавання дакладу ў другім чытанні, яго аўтар правёў шэраг кансультацыяў з дэпутатамі ад розных фракцыяў Еўрапарламенту, а таксама прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці. Пасля сённяшняга разгляду на паседжэнні Камітэту ў замежных справах даклад мусяць абмеркаваць на пленарнай сесіі Еўрапарламенту.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

https://youtu.be/47h0qqxfjSQ

Глядзі таксама
Каментары