Купалле ў сядзібе Пушкіна


Цягам больш як 10 гадоў у Бобр да мастака Алеся Пушкіна прыходзяць і прыязджаюць на Купалле не толькі мясцовыя жыхары, але і аматары старадаўніх святаў з усёй Беларусі ды проста ахвочыя добра пабавіць час супольна з вядомым беларускім творцам.



Гаспадар і арганізатар імпрэзы ўжо традыцыйна прывабляе наведнікаў магчымасцю далучыцца да народнай культуры: гарачая лазня, прыгатаваны напярэдадні крупнік, выкананне старадаўніх купальскіх абрадаў, ідэальнае, на меркаванне шмат каго з удзельнікаў свята, месца – хата спадара Пушкіна месціцца высока над ракою Бобр, непадалёк якой і ладзяць карагоды вакол вялізнага вогнішча, паляць пудзіла, таньчаць пад музыку запрошаных калектываў (сёлета гэта былі музыкі з капэлы Ігара Крукоўскага), выбіраюць Купалінку і Купаліча. Што да шукання папараць-кветкі, то Алесь Пушкін ці не найбольш ганарыцца тым, што ўжо не адная пара, пазнаёміўшыся менавіта на Купаллі ў Бабры, пабраліся шлюбам ці заручыліся. Мастак жартаўліва зазначае, што марыць адкрыць уласную шлюбную агенцыю, тым самым дапаўняючы запісы ў сшытку, дзе занатоўвае зробленыя ім добрыя справы.



Сёлета гасцей гаспадар налічыў больш як 120 асобаў, што сталася пэўным рэкордам наведнасці свята. Пачынаючы прыязджаць яшчэ зранку ў суботу 6 ліпеня, пераважна моладзь зладзіла намётавае мястэчка ля ракі, усяго намётаў налічылі з 15. Разынка свята і ў тым, што ўдзельнікі – часта і непасрэдныя яго стваральнікі, натуральна, пад пільным кіраўніцтвам Алеся Пушкіна.



Пэўны план імпрэзы звычайна існуе, але гаспадар найперш клапоціцца пра тое, каб былі адмысловыя кропкі – як то вогнішча, гушкалка і месца для танцаў, намётавае мястэчка, месца ў двары, каб упячы шашлык, лазня. Спадарыня Янка, жонка гаспадараа, зазначае, што часта самаўтвараюцца пэўныя куткі ў хаце і ў двары, дзе ідуцца гутаркі на любы густ – высокаінтэлектуальныя, задушэўныя размовы, дыялогі і палілогі, да якіх можна далучацца, пераходзіць ад адной кампаніі да іншай. Шмат гэтым разам было водгукаў захаплення ад мясцовых жыхароў, некаторыя з якіх хоць і ведалі, што іхны зямляк ладзіць Купалле, але прыйшлі ўпершыню.



На вялікі жаль, сёлетняе святкаванне азмрочыў прыкры выпадак: падчас разлівання крупніку 5 асобаў атрымалі апёкі. На гэта момант у шпіталі застаюцца 3 дзяўчыны, з якіх 2 – у рэанімацыі.

НК, belsat.eu

Стужка навінаў