Святлана Завадская: Нікога не цікавіць, што зрабілі са Змітром пасля выкрадання?


Сёння спаўняецца 13 гадоў з моманту знікнення беларускага аператара Дзмітрыя Завадскага.

Зранку 7 ліпеня 2000 года тэлежурналіст, які ў той час працаваў на расейскім тэлеканале ОРТ (цяпер – расейскі Першы канал), адправіўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» сустракаць свайго калегу – журналіста Паўла Шарамета. З таго часу Змітра ніхто не бачыў. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў аэрапорце.

У 2006 года справу аб знікненні Змітра Завадскага прыпынілі, распавяла «Белсату» ўдава аператара Святлана Завадская. Жанчына нагадала, што ў 2002 годзе за знікненне ейнага мужа асудзілі двух былых спецназаўцаў – Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка, якія нібыта адпомсцілі аператару за публічнае абвінавачанне ў супрацы з чачэнскімі баевікамі. Аднак дагэтуль невядома, што тыя зрабілі з Дзмітрыем пасля выкрадання. «Людзі столькі гадоў застаюцца за кратамі. Калі б яны выкралі Змітра, то мы мусілі б даведацца за гэты час, што яны з ім далей зрабілі. Але ці гэта нікога не цікавіць, ці, сапраўды, гэтыя людзі не маюць дачынення да выкрадання Змітра», – адзначыла Святлана Завадская.

{movie}Святлана Завадская: Нікога не цікавіць, што зрабілі са Змітром пасля выкрадання? |right|11485{/movie}

У інтэрв’ю «Белсату» жонка зніклага распавяла, што за гэтыя гады да яе звярталася шмат людзей, якія хацелі ёй дапамагчы. Праз адну дзяўчыну, якая звярнулася да спадарыні Святланы, жанчына змагла атрымаць звесткі ад былога працаўніка гарнізону ўнутраных войскаў № 3214. Маладзён атрымаў доступ да ўнутранага архіву фармавання, дакументы якога сведчылі: цела Змітра Завадскага закапалі пад ужо існаю магілаю на Паўночных могілках Менску.

Хлопец расказаў, што ў дакументах нават быў указаны нумар магілы. Там была цэлая справа – справа Дзмітрыя Завадскага, дзе была пазначана, калі яго выкралі, што яго выкрадалі 5 чалавек, прычым нават пазначаліся прозвішчы. Менавіта гэтыя людзі дапытвалі Змітра, катавалі яго. Пазначаўся час, калі яго забілі. Хлопец расказаў, што гэта зрабілі на другія содні”, – расказала ўдава журналіста.

Нумару магілы на Паўночных могілках, дзе маглі б пахаваць цела Змітра Завадскага, былы чалец “эскадрону смерці”, які быў “у бягах”, не памятаў. Спадарыня Святлана дадала, што калегі Змітра, у прыватнасці, Павел Шарамет, мелі падобную версію: на іхную думку, ніхто б не шукаў трупаў зніклых на могілках.

Калі я Паўлу распавяла, то ён мне адказаў, што калі б я нават мела нумар магілы, то я б нічога не даведалася, бо ўсе парэшткі ўжо вывезлі адтуль у крэматорый”, – падкрэсліла жанчына. Паводле расследавання Паўла Шарамета, пра якое расказала Святлана Завадская, у ліпені 2000 года з Паўночных могілак пачалі нешта спешна вывозіць у крэматорый. Гэта маглі быць і парэшткі зніклых, лічыць удава тэлеаператара.

Калі ж Павел Шарамет спрабаваў праз нейкі час знайсці дырэктара Паўночных могілак, высветлілася, што той не жыве. Аказалася, памёр таксама і дырэктар крэматорыю. «Гэта былі даволі маладыя людзі. Ён (Павел Шарамет. – belsat.eu) казаў нават, што яны маглі памерці не сваёй смерцю… Калі складваеш усе пазлы, то вымалёўваецца такая карціна», – падсумавала спадарыня Святлана. Яна ўпэўненая, што цела Змітра знішчылі. Пра гэта ж сведчаць, на ейную думку, паводзіны Уладзіміра Навумава, былога начальніка Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі, ды Віктара Шэймана, былога дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі, якія не трымаюцца адзінай лініі ў справе знікнення Змітра і нічога не баяцца, бо доказаў ужо няма.

Жанчына лічыць, што даведацца праўду аб знікненні ейнага мужа можна будзе толькі пасля змены ўладаў: «Калі новыя ўлады будуць мець палітычную волю, каб знайсці злачынцаў, то знойдуць вельмі хутка».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў