Гамяльчук трэці месяц ходзіць на працу ў футболцы «Лукашенко, уходи!»


Калі ахоўнікі перасталі пускаць Юрыя Шаўцова, ён не адмовіўся ад футболкі. Адно здымае яе, каб прайсці на тэрыторыю арганізацыі, у якой працуе.

З канца красавіка гамяльчук Юрый Шаўцоў працуе кіроўцам у ААТ «Цэнтр будаўніцтва і рамонту». Фармальна гэта прыватная арганізацыя, аднак, паводле яго, дачыненне да яе маюць высокія службовыя асобы з абласнога кіраўніцтва.

Прыходзіць на працу ў футболцы «Лукашенко, уходи!» ён пачаў 10 траўня, і з таго часу робіць гэта штодня. Некалькі тыдняў таму яго перасталі пускаць на тэрыторыю прадпрыемства. Наш суразмоўца знайшоў выйсце: здымае футболку, каб мінуць прахадную. Пасля пераапранаецца, каб прыступіць да сваіх абавязкаў. Кажа, што пагрозы звольніць яго ўжо гучалі, але пакуль да выканання не дайшло.

Калегі на футболку рэагуюць па-рознаму – гэтак жа, як і мінакі: пасля працы Юрый Шаўцоў традыцыйна праходзіць з улюбёным надпісам на грудзях. «Страх у грамадстве вельмі вялікі», – кажа ён. Людзі пазітыўна выказваюцца наконт адзежы-лозунгу толькі тады, калі іх ніхто не бачыць. Пераважна ж, наткнуўшыся на палітычны надпіс, проста апускаюць вочы. Некаторыя думаюць, што калі АМАП не чапае, перад імі – супрацоўнік КДБ.

Нягледзячы на неспрыяльную сітуацыю, Юрый Шаўцоў заахвочвае і прадстаўнікоў апазіцыі адзявацца такім жа чынам: «У Грузіі адбылася Рэвалюцыя ружаў, і я вельмі спадзяюся, што Беларусь дачакаецца Рэвалюцыі футболак».

У гардэробе нашага героя – некалькі варыянтаў, з аднолькавым надпісам на грудзях, але рознымі – на спіне: «Четырежды президент? Нет, это не президент, а царь-самозванец», «Девальвация – грабёж народа властью» і некалькі іншых, у планах займець яшчэ адну: «За выбары без Лукашэнкі». Паводле спадара Шаўцова, замовіць адзежу ў Беларусі ў яго гэтак і не атрымалася – баяцца рабіць. А вось у Расеі ды Украіне друкуюць любыя надпісы. Галоўнае, працягвае суразмоўца, пісаць спакойныя лозунгі, ні ў якім выпадку нікога не абражаць і не паліваць брудам.

Да 2009 года Юрый Шаўцоў працаваў кіроўцам на «Гомельвадаканале». Кантракту з ім не працягнулі пасля таго, як ён вырашыў балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Давялося пэўны час зарабляць на хлеб у Маскве.

Дарэчы, летась у Гомлі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АГП Уладзімір Няпомняшчых запісаў відэазварот да выбарнікаў у футболцы «За Беларусь без Лукашенко». У ёй яго некалькі разоў затрымлівала міліцыя яшчэ ў 2010-м.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў