Славянскі базар скароцяць, а Купалаўскаму тэатру „абрэжуць” бюджэт


Беларускія фестывалі чакае “перазагрузка”. Пра неабходнасць змяніць фармат або кантэнт усіх фестываляў, якіх штогод у Беларусі праходзіць каля 60-ці, заявіў міністр культуры. З ягоных словаў, істотныя змены чакаюць і “Славянскі базар” – яго пераарыентуюць для тэлебачання і скароцяць працягласць.

БАРЫС СВЯТЛОЎ, МІНІСТР КУЛЬТУРЫ:

«Апошнім часам стала складана напаўняць кожны дзень арыгінальнымі нумарамі высокага мастацкага ўзроўню – менавіта дні. Бо дзень адкрыцця, дзень закрыцця плюс кожны дзень, плюс дзень саюзнай дзяржавы. Таму было прынялі слушную, на мой погляд, пастанову, каб сысці ад эфекту «малінавага джэму», калі ён размазваецца па вялікай паверхні».

Змены чакаюць і галоўны тэатр краіны – цягам бліжэйшых трох гадоў Купалаўскаму тэатру знізяць бюджэтнае фінансаванне. Калі цяпер датацыі дзяржавы складаюць амаль 80 адсоткаў, то ў 2016-ым яны знізяцца да 65-ці адсоткаў. А гэта азначае, што квіткі на спектаклі будуць даражэць.

Іншыя навіны: стартаваў знакаміты джазавы фестываль у швейцарскім Мантрэ. У Эрмітажы паказалі помнікі бронзавага веку з гэтак званых “перамешчаных калекцыяў”. У Карлавых Варах завяршаецца адзін з найбольш прэстыжных кінафестываляў у Еўропе. У Кіева карціны прадаюць на вагу.

Мар’яна Чарняева, belsat.eu

Стужка навінаў