Вайскоўцы разагналі пратэст «Братоў-мусульманаў» у Каіры


Дэманстранты паведамляюць пра прынамсі траіх забітых, спікер мінабароны зняпраўджвае гэтую інфармацыю.



Ісламісты-прыхільнікі зрынутага прэзідэнта Мэгэмэда Мурсі зладзілі марш да штабу Нацыянальнай гвардыі пад лозунгам «Увечары прэзідэнт Мурсі будзе ў сваім палацы!». Вайскоўцы патрабавалі спыніць шэсце, аднак пратэстоўцы ўпарта ішлі на жаўнераў.

На распаўсюджаным у інтэрнэце відэа з плошчы Тахрыр добра чуваць стрэлы, аднак невядома, ці стралялі ў паветра, ці ў людзей. Бачна і акрываўленых дэманстрантаў, аднак раны не ад баявых куляў – магчыма, выкарыстоўвалі гумовыя набоі.

Пасля ранішняй малітвы «Браты-мусульмане» заклікалі сваіх прыхільнікаў правесці масавыя акцыі пратэсту супраць змены рэжыму, хаця раней абяцалі не перашкаджаць дэмакратычнаму выбару новых уладаў. Зрынуты прэзідэнт усцяж называе сябе кіраўніком дзяржавы, а вайскоўцаў лічыць змоўнікамі ды ворагамі народу.

Мурсі страціў пасаду ўначы 4 ліпеня. Вайскоўцы ўзялі ўладу ў свае рукі ды стварылі пераходную раду, патлумачыўшы гэта тым, што прэзідэнт не ў стане даць рады з эканамічным і палітычным крызісам.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў