Урад абяцае падняць заробкі яшчэ на сто долараў, што на гэта беларусы?


Забяспечыць павялічэнне дабрабыту грамадзянаў дасведчаны ў гэткіх пытаннях Пётр Пракаповіч. Маўляў, да 500 долараў ужо дабраліся, цяпер на чарзе чарговая заробкавая вышыня.

Былы кіраўнік Нацбанку, дарэчы, сёння прызнаў віну за дэвальвацыю ў 2011 годзе і неадкладна паабяцаў не дапусціць чарговага абвалу айчыннай валюты. Паводле Пятра Пракаповіча, у 2011 годзе ён ахвяраваў сваёй пасадаю, таму беларусы лягчэй перажылі дэвальвацыю.

«У мяне было два варыянты. Першы – правесці разавую дэвальвацыю, што было лепшым варыянтам для эканомікі краіны, але вельмі негатыўным для мяне як для кіраўніка Нацбанку. Другі варыянт – правядзенне дэвальвацыі цягам 2–3 месяцаў. Гэта было б горай для краіны, але лепей для мяне як для кіраўніка Нацбанку, у тым ліку і з увагі на абяцанне не праводзіць разавай дэвальвацыі», – падзяліўся Пётр Пракаповіч падчас наўпроставай лініі з газетаю «Рэспубліка».

Што тычыцца паўтору сітуацыі 2011 года, Пракаповіч не бачыць для гэтага магчымасцяў. Аднак зазначае, што «ёсць некаторыя сілы і невялікая частка нашых грамадзянаў, якія зацікаўленыя пасеяць паніку ў насельніцтва, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне». То бок, калі дэвальвацыя ўсё ж такі паўторыцца, то гэта ўжо будзе не віна Пятра Пятровіча, а гэтых неназваных сілаў.

Не зусім зразумела, якім чынам будуць павялічвацца зарплата насельніцтва, бо ўжо цяпер беларусы зарабляюць фактычна незаробленыя грошы. Дарэчы на пачатку чэрвеня эксперты галоўнага крэдытора Беларусі на гэты момант – Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, папярэджвалі, што толькі сёлета інфляцыя можа скласці нават 30 % замест запланаваных 12 %. З імі пагаджаюцца і незалежныя эксперты. Вядома, нельга выключаць і магчымасці таго, што ўсе яны проста імкнуцца «дэстабілізаваць сітуацыю і пасеяць паніку ў насельніцтва».

Будзем спадзявацца, што Пётр Пятровіч, які цяпер займае ажно 19 дзяржаўных пасадаў, гэтым разам усё ж такі здолее выканаць свае абяцанні. І ніякія дэстабілізацыйныя сілы яму ў гэтым не перашкодзяць.

Тым часам мы запыталіся ў жыхароў Берасця, ці вераць яны ў магчымасць падвышэння заробку на сто долараў. Большасць рэспандэнтаў з недаверам успрыняла нашае пытанне, а некаторыя падзяліліся інфармацыяй пра тое, што яны яшчэ не дачакаліся і ўжо, здавалася б дасягнутых, 500 долараў.

{movie}Урад абяцае павялічыць заробак на 100$. Варта верыць?|right|11463{/movie}

Падрабязнасці ў відэаматэрыяле.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў