БАЖ дамагаецца, каб Ірыне Халіп змякчылі ўмовы ўтрымання


Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала зварот у Менгарвыканкам.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і ейны намеснік Андрэй Бастунец накіравалі зварот кіраўніку следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму Генадзю Казакевічу. У лісце кіраўніцтва арганізацыі просіць змякчыць умовы ўтрымання Ірыны Халіп пад хатнім арыштам і дазволіць ім сустрэчу з калегаю.

Між іншага, меру стрымання Ірыне Халіп змянілі на хатні арышт таксама пасля ўмяшальніцтва БАЖ. Пра гэта 2 лютага пісьмова паведаміў сам Генадзь Казакевіч: “Вашае хадайніцтва аб змяненні меры стрымання ў дачыненні абвінавачанай Халіп І. У. разгледжанае, 29.01.2011 мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту зменена на хатні арышт”.

“Калі ўлады дэманструюць намер ісці на дыялог, мы мусім выкарыстаць гэтую магчымасць, каб паўплываць на становішча, у якім цяпер апынулася сябра БАЖ Ірына Халіп”, – зазначае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. На ягоную думку, жорсткія ўмовы ўтрымання Ірыны нічым не апраўданыя, да таго ж улады парушаюць ейнае канстытуцыйнае права атрымліваць інфармацыю. Нагадаем, што ёй забараняецца карыстацца інтэрнэтам, чытаць прэсу, падыходзіць да вокнаў, сустракацца з калегамі і сваякамі, апрача бацькоў.

Карэспандэнтка расейскай “Новой газеты”, жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава Ірына Халіп праходзіць у якасці абвінавачанай у крымінальнай справе аб масавых закалотах. У кватэры журналісткі стала дзяжураць два працаўнікі КДБ.

belsat.eu

Стужка навінаў