Плакат «Не» расейскім базам на зямлі Беларусі» – насупраць гарвыканкаму (Фота)


Затрымалі арганізатара пікету супраць расейскай авіябазы.

Сябра АГП Мікалай Гладышаў арганізаваў сёння раніцаю ў Магілёве адзіночны пікет супраць расейскай авіябазы ў Беларусі. Раніцаю 4 ліпеня ў цэнтры Магілёва, ля дыягнастычнага цэнтру насупраць будынку гарвыканкаму, ён вывесіў плакат «Не» расейскім авіябазам на зямлі Беларусі». Акцыя цягнулася каля 1,5 гадзіны. Актывіста затрымаў працаўнік Ленінскага РАУСу, плакат зняў невядомы чалавек у цывільным.

«Спадары расейскія генералы, вы паўгода таму стаялі на зважай перад сердзюкоўскім гарэмам, а цяпер лезеце са сваймі ракетамі ды самалётамі на тэрыторыю Беларусі. Вас сюды ніхто не клікаў. Няўжо вам мала неба над Расеяй для сваіх палётаў?» – сказаў Гладышаў, звяртаючыся праз журналістаў да расейскага вайсковага кіраўніцтва.

«Крамлёўскім палітыкам варта нагадаць, што Савецкі Саюз вывеў свае войскі з Усходняй Еўропы, гэтак жа прыйдзецца прыбірацца расейскім вайсковым базам з зямлі Беларусі. А астатнім расяянам, а не генералам, хочацца сказаць: спадары, прыязджайце, адпачывайце, працуйце. Гасцям і турыстам тут усе радыя», – заявіў арганізатар пікету.

«Мы яго нядаўна прынялі ў АГП. Мы абмяркоўвалі гэтую тэму – стварэнне вайсковых базаў, і ён дадаваў канструктыўныя прапановы. Мы бачылі, што ён найбольш быў неабыякавы да таго, што тут ствараюцца ваенныя базы», – патлумачыў журналістам старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, які прыбыў да пастарунку міліцыі. Ён падкрэсліў, што ніякага задання адносна пікету кіраўніцтва арганізацыі Гладышаву не давала: «Гэта ягоны парыў душы. Ён малайчына, герой проста. У адрозненне ад шматлікіх іншых, ён разумее, што расейскія базы – гэта незаконна, неканстытуцыйна. Тут расейскім базам няма чаго рабіць».

АК, паводле «БелаПАН»

Стужка навінаў