Беларусаў прызналі паўнапраўнаю нацыянальнай меншасцю ў Чэхіі


Цяпер беларусы, якія жывуць у Чэхіі, могуць карыстацца роднаю мовай у афіцыйных установах і адкрываць свае школы.

Сёння чэшскі ўрад прызнаў нацыянальнымі меншасцямі беларусаў і ўетнамцаў. Прадстаўнікі ад кожнай з іх цяпер увойдуць у Дзяржаўную раду па нацыянальных меншасцях. Раней беларусаў на яе паседжанні запрашалі ў якасці гасцей. Там, паводле кіраўніка грамадскага аб’яднання беларусаў Чэхіі “Пагоня” Юркі Станкевіча, яны і даведаліся, якую падтрымку нацыянальныя меншасці могуць атрымаць ад ураду, каб пашыраць сваю мову і культуру.

Новы статус таксама дазваляе беларусам адчыніць свае школы ў месцах кампактнага пражывання. Пакуль дзейнічае толькі нядзельная – для дзетак у Празе.

“Пагоня” дамагалася прызнання беларусаў цягам апошніх трох гадоў. Галоўнаю мэтаю было ўсталяванне гістарычнай справядлівасці. Юрка Станкевіч дадаў, што бліжэйшым часам чальцы аб’яднання збяруцца, каб абмеркаваць, як карыстацца новымі правамі ў будучыні.

Гаворачы пра колькасць беларусаў у Чэхіі, сябар аб’яднання “Пагоня” Віталь Цімошчанка, называе лічбу каля 7 тыс. Гэта разам са студэнтамі і тымі, хто мае віды на жыхарства. Паводле звестак Радыё “Свабода”, уетнамцаў, якія пачалі прыязджаць на вучобу пасля 1989 года, афіцыйна зарэгістравана 65 тыс.

Статус нацыянальнай меншасці надаецца супольнасці, якая працяглы час пражывае на тэрыторыі Чэхіі і мае дастатковую колькасць прадстаўнікоў з чэшскім грамадзянствам. Канкрэтных лічбаў закон не называе. Дагэтуль статус мелі: балгары, вугорцы, грэкі, немцы, палякі, русіны, рускія, славакі, сербы, харваты, украінцы, цыганы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў