Заяўку на правядзенне Дня Волі пададуць на гэтым тыдні


25 сакавіка апазіцыя плануе супольнае шэсце пад лозунгам салідарнасці з палітзняволенымі.

На гэтым тыдні ў Менгарвыканкам пададуць заяўку на правядзенне шэсця ад Акадэміі Навук да скверу імя Янкі Купалы ў Менску. Пра гэта дамовіліся падчас паседжання ініцыятывы “Беларускі выбар”, што аб’ядноўвае рух “За Свабоду”, Партыю БНФ, саюз “За мадэрнізацыю”, Партыю зялёных і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрв’ю “Белсату” зазначыў, што ініцыятыва адзначыць Дзень Волі шэсцем салідарнасці сыходзіла ад Беларускага Народнага Фронту. Аляксей Янукевіч гаворыць, што існаванне палітзняволеных – на сённяшні момант самая актуальная праблема для Беларусі, наўпрост звязаная з пагрозаю страты суверэнітэту. “Калі за кратамі аказваюцца лідары палітычных сілаў, а на грамадзянскую супольнасць ідзе рэпрэсіўны ціск, грамадства не здольнае адказваць на вонкавыя выклікі, перш за ўсё з боку Расеі”, – упэўнены старшыня БНФ.

Сёння прайшло толькі першае паседжанне ініцыятывы, таму падрабязнасці акцыі яшчэ будуць удакладняцца, адзначае лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Ён не выключае, што дазволу на шэсце могуць не даць: “Нам нядаўна забаранілі пікет на Бангалоры. Але нашая заяўка стане своеасаблівым тэстам для ўлады на выкананне канстытуцыйных правоў грамадзянаў”.

Аляксей Янукевіч запэўніў, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку, а яе фармат залежыць ад адказу Менгарвыканкаму.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары