Нікаляс Мадура прыляцеў у Менск. Без Сноўдэна


Прэзідэнт Венесуэлы прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам. Яму пашчасціла больш, чымся прэзідэнту Балівіі Эва Маралесу, якому забаранілі прызямліцца ў Лісабоне для дазапраўкі самалёта, а Францыя адмовіла ў дазволе ўвайсці ў паветраную прастору. Рэйс перанакіравалі ў Аўстрыю.

Ахова абодвух прэзідэнтаў запэўнівае: былога агента СІА на борце самалётаў няма і быць не можа. Раней з’яўлялася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што Сноўдэн можа атрымаць прытулак у Менску. Выглядае, што значна больш шанцаў ён мае на венесуэльскую дапамогу. Нікаляс Мадура заявіў, што прыме рашэнне наконт выдання палітычнага прытулку Сноўдэну пасля вяртання ў Каракас.

Нікаляс Мадура ў Менску, фота belta.Нікаляс Мадура ў Менску, фота belta.Пакуль жа прэзідэнт Венесуэлы працягнуў традыцыю Уга Чавэса і наведаў Менск. Невядома, ці завітае высокі госць на парад, аднак у адрозненне ад папярэдніка, у аэрапорце яго сустракаў толькі намеснік прэм’ера Уладзімір Сямашка, а не Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі краіны пагавораць аб працягу беларуска-венесуэльскага сяброўства і пахваляцца таварным абарачэннем на 580 млн долараў.

Памерлы папярэдні лідар Венесуэлы быў у Беларусі ажно пяць разоў – у 2006, 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах. Лукашэнка таксама не забываўся наведваць сябра і завітваў у Каракас у 2007, 2010 і 2012-м. Апошні раз кіраўнік Беларусі быў у Венесуэле на пахаванні Уга Чавэса сёлета.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў