Жыхар Маладзечна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства


Бо дзяржава не дазваляе яму праходзіць альтэрнатыўную службу.

Валянцін Цішко напісаў адпаведны зварот у Міністэрства юстыцыі ды Адміністрацыю прэзідэнта. Раней, яшчэ з 2011 года, малады чалавек неаднаразова звяртаўся ў мясцовы вайсковы камісарыят, у Менскую міжгарнізонную пракуратуру і нават да вайсковага пракурора Менскай вобласці з просьбаю даць яму магчымасць рэалізаваць сваё права на альтэрнатыўную службу. Нягледзячы на тое, што падобную магчымасць грамадзянам Беларусі гарантуе не толькі Сусветная дэкларацыя правоў чалавека, але і нашая Канстытуцыя, яму заўсёды адказвалі адмоваю.

“Відавочна, што Беларусь наплявала на свае міжнародныя абавязкі, – заявіў Цішко. – Я не бачу сэнсу быць грамадзянінам краіны, якая не толькі не абараняе правоў сваіх грамадзянаў, але і парушае нормы міжнароднага права. Адзінае, што я губляю, – права голасу на выбарах, але, думаю, гэта я перажыву”.

Вайсковая медычная камісія прызнала маладога чалавека прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на даўгі спіс захворванняў, сярод іншага – алергія на палын і бярозу. Аднак сваё нежаданне ўступаць ва Узброеныя сілы Цішко патлумачыў тым, што “служба ў традыцыйнай арміі будзе небяспечная”, бо ён кіруе культурна-асветніцкаю ініцыятываю “Рух ЛГБТ-хрысціянаў Беларусі”. “Я адкрыты гей, я гэтага не хаваю, але баюся, што ў войску маё жыццё будзе пад пагрозаю”, – падкрэсліў Цішко.

Са словаў маладога чалавека, нават пазбавіўшыся грамадзянства, ён не плануе пакідаць Беларусі, а разлічвае атрымаць беларускі від на жыхарства і такім чынам пазбегнуць прызыву.

“Страх перад тым, што мяне гвалтам прызавуць у войска, ёсць. Цудоўна разумею, што для гэтай сістэмы няма нічога святога, я пераканаўся ў гэтым на сваім прыкладзе”, – падсумаваў Цішко.

Гэты прэцэдэнт можа неадназначна паўплываць на сітуацыю з развіццём альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў Беларусі, мяркуюць эксперты кампаніі “Цэнтр правоў прызыўніка”. Мяркуецца, што выпадак Цішка можа як падштурхнуць улады да больш хуткага распрацоўвання закону аб альтэрнатыўнай службе, так і прымусіць іх шукаць новых шляхоў для прызыву не згодных з вайсковаю службаю грамадзянаў.

У 2012 годзе ў “Цэнтр правоў прызыўніка” звярнуліся 12 чалавек, якія былі гатовыя адстойваць сваё права на альтэрнатыўную службу, у 2013-м іх было 15 чалавек.

У. Ш., belsat.eu

Стужка навінаў