Чаму ў Берасці ліквідавалі мясцовае аддзяленне Саюза палякаў?


Сябры непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў на Берасцейшчыне самыя зліквідавалі сваё аддзяленне і заснавалі новую структуру – Форум польскіх лакальных ініцыятываў. Чаму гэтак адбылося?

Гісторыя канфлікту

Апошнія 8 гадоў чальцы недзяржаўнага Саюзу палякаў абмежаваныя ў сваёй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі праз адсутнасць афіцыйнай рэгістрацыі. Пасля расколу Саюзу палякаў у 2005 годзе сябры незалежнага ад уладаў крыла на чале з тагачаснаю старшынёю Анджэлікаю Борыс колькі разоў уздымалі пытанне легалізацыі. Але пасля таго, як справа набыла статус міжнароднага канфлікту, улады Беларусі не даюць згоды на рэгістрацыю арганізацыі з «палітычным мінулым».

Афіцыйны Менск спасылаецца на тое, што ў Беларусі існуе афіцыйны Саюз палякаў. Аднак сябры апошняга, хоць і атрымалі са згоды ўладаў увесь матэрыяльны даробак арганізацыі разам з Польскімі дамамі, актыўнай дзейнасцю пахваліцца не могуць. Яны абмяжоўваюцца ў асноўным удзелам у афіцыйных імпрэзах, якія датычаць нацыянальных меншасцяў.

2 тоны польскіх кніг

Берасцейскае аддзяленне СПБ узнікла ў 1990 годзе як Польскае культурна-адукацыйнае таварыства імя Рамуальда Траўгута Берасця і Берасцейскай вобласці. З сакавіка 1992 года таварыства ўвайшло ў Саюз палякаў Беларусі. Ядром і рухальнаю сілаю аддзялення стала Польская грамадская школа імя Ігната Дамейкі, 25-гадовы юбілей якой адбудзецца ў лістападзе 2013 года. За гэты час дырэктарка Польскай грамадскай школы Аліна Ярашэвіч правяла ў Берасці 5 музычных фестываляў, у тым ліку «Берасцейская восень з польскаю песняю», Міжнародны фестываль маладых вакалістаў імя Станіслава Манюшкі (2001), Міжнародны фестываль «З песняю для Еўропы» (2004) і Польска-беларускі фестываль сучаснага мастацтва (1999).

Апошнім часам пасля сканчэння Польскай грамадскай школы ў польскія ўніверсітэты штогод паступаюць прыблізна 200 асобаў. Пры школе дзеяць метадычныя курсы для настаўнікаў, якія выкладаюць польскую мову ў Беларусі. Актывісты аддзялення за апошнія 2 гады распаўсюдзілі ў Беларусі 2 т. польскіх падручнікаў і кніг.

Курс на рэгістрацыю ў беларускіх умовах

Ініцыятары стварэння Форуму польскіх лакальных ініцыятываў распачалі працу ў рэгістрацыі меншых арганізацыйных структураў, якія ў яго ўвайшлі, а пасля будуць спрабаваць легалізаваць і форум. Гэта будзе значнаю палёгкаю ў працы над супольнымі культурна-адукацыйнымі праектамі, якія патрабуюць адкрытай і празрыстай дзейнасці, згоднай з беларускім заканадаўствам.

Форум мае працягнуць традыцыю Берасцейскага аддзялення недзяржаўнага Саюзу палякаў і будзе займацца навучаннем на польскай мове, папулярызацыяй польскай культуры, пошукамі і дакументацыяй слядоў польскасці ў Беларусі, а таксама апекаваннем месцамі гістарычнай памяці.

Паводле галоўнай каардынатаркі Форуму польскіх лакальных ініцыятываў Ганны Панішавай, пастанавілі ліквідаваць Берасцейскае аддзяленне СПБ і заснаваць Форум ягоныя сябры з Берасця і Берасцейскай вобласці на канферэнцыі, якая прайшла ў сядзібе Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці 15 траўня 2013 года.

У момант ліквідацыі сябрамі аддзялення былі 900 асобаў.



Хто ўвайшоў у Форум?

У Форум польскіх лакальных ініцыятываў увайшла большасць арганізацыяў, якія рэпрэзентоўвалі ліквідаванае Берасцейскае аддзяленне Саюзу палякаў. Гэта Польская грамадская школа імя Ігната Дамейкі (у школе 820 вучняў, 18 настаўнікаў, 2 гарцэрскія атрады імя Рышарда Снарскага і зуховая грамадка, разам 72 гарцэры), акадэмічны хор «Згода» (30 асобаў), эстрадны ансамбль «Ars-Libera» (8 асобаў), Таварыства народных майстроў (35 асобаў), Таварыства польскіх мастакоў (8 асобаў), Клуб каталіцкай інтэлігенцыі (20 асобаў), аддзел апекі над месцамі нацыянальнай памяці (9 валанцёраў), Універсітэт трэцяга веку (35 асобаў), рэдакцыя квартальніка «Рэха Палесся», суполка польскіх лекараў (9 асобаў), Цэнтр еўрапейскай інфармацыі (3 асобы), турыстычна-краязнаўчы аддзел (3 асобы), а таксама цэнтры польскай культуры ў Баранавічах, Ляхавічах, Кобрыні, Бярозе, Сегневічах і Пелішчах.

Пазіцыя недзяржаўнага Саюза палякаў

Паводле цэнтральнага кіраўніцтва недзяржаўнага Саюза палякаў, новая арганізацыя паўстала за кошт знішчэння структуры Саюза палякаў. Як паведаміў прэс-сакратар недзяржаўнага Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пісальнік, Галоўная рада СПБ палічыла дзеянні асобных актывістаў Саюза палякаў праяваю сепаратызму, прызнала вынікі травеньскай канферэнцыі ў Берасці несапраўднымі, а яе ініцыятараў прыпыніла ў правах сябраў СПБ. Такім чынам побач з існуючымі ў Берасці польскімі арганізацыямі – аддзяленнем Саюзу палякаў на Беларусі ды аддзяленнем Польскай Мацежы Школьнай на Беларусі – можа пачаць дзейнічаць Форум польскіх лакальных ініцыятываў.

AK, belsat.eu

Стужка навінаў