Шукаюць міліцыянта. Абяцаюць высокі заробак, жытло і вучобу ў ВНУ


Менская міліцыя шукае працаўніка. Абавязак адзін – ахова грамадскага парадку. Перавагаў працы – цэлы спіс.



У раздзеле абвестак пра працоўныя вакансіі парталу tut.by з’явілася цікавая прапанова для маладых юнакоў – праца міліцыянтам. Папоўніць свае шэрагі хоча 5-я рота палка патрульна-паставой службы ГУУС Менгарвыканкаму. Працоўны абавязак – назіраць за парадкам на сталічных вуліцах.

Уражвае, аднак, спіс перавагаў пры працы. Міліцыянт на гэтай пасадзе будзе мець гнуткі графік, высокі ды стабільны заробак у параўнанні з іншымі дзяржслужбоўцамі (ад 3,5 да 4,5 млн Br), запэўнівае працадаўца.

Акрамя гэтага, іншагародняму працаўніку міліцыі дадуць жытло ў менскім інтэрнаце або будуць аплачваць здыманне кватэры. Заахвочваюць кандыдатаў таксама магчымасцю бясплатнага навучання ва ўніверсітэце або тэхнікуме з захаваннем заробку падчас сесіі.

Працадаўца гарантуе і бясплатнае наведванне трэнажорных і спартовых залаў, бясплатнае абслугоўванне ў паліклініцы Міністэрства ўнутраных справаў і пастаноўку на чаргу па кватэру.

Міліцыянтам можа стаць, як падае абвестка, маладзён ад 18 да 25 гадоў, які не быў пад судом, з прынамсі сярэдняй адукацыяй. Служба ў войску пры гэтым – не абавязковая.

Дзеянні беларускіх міліцыянтаў аднак усё часцей падпадаюць пад Крымінальны кодэкс. Збіццё маладзёнаў у Менску, Калінкавічах і Лідзе, а таксама катаванне менчука Васіля Сарочыка паказваюць, што сваволя праваахоўнікаў не служыць прэстыжу іхнай прафесіі.

Пра тое, як міліцыянты перавышаюць свае паўнамоцтвы, – у архіўным відэаматэрыяле “Аб’ектыву”:{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра катаванні з боку міліцыянтаў|right|11408{/movie}

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў