Андрэя Гайдукова прызналі палітвязнем


Асуджэнне Андрэя Гайдукова неабгрунтаванае і палітычна матываванае. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве Беларускага Хельсінкскага камітэту і зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы адзначаюць, што асуджэнне Гайдукова ў значнай ступені мела на мэце павышэнне ролі і значнасці КДБ у дзяржаве, а маладзёна асудзілі з парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Прычым працягласць пазбаўлення волі непрапарцыйная правапарушэнню, у якім хлопца прызналі вінаватым.

Аўтары заявы патрабуюць неадкладна вызваліць Гайдукова і адмяніць незаконна вынесены прысуд ды разгледзець справу зноў з захаваннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва.



Віцебскі суд прызнаў Андрэя Гайдукова вінаватым у спробе ўстанаўлення кантакту з замежнымі спецслужбамі. Моладзевага актывіста першапачаткова вінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на больш мяккае.

«Мяне вінавацяць у тым, што мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, навязванне Рэспубліцы Беларусь курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, – напісаў Гайдукоў у лісце да віцебскай праваабаронцы Таццяны Севярынец. – Характар магчымай шкоды можа выяўляцца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі, у тым, што шукаў фінансаванне для сваёй дзейнасці ў фондзе амбасады ЗША (ЦРУ ЗША паводле версіі КДБ)».

Суд над моладзевым актывістам пачаўся 12 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на просьбы праваабаронцаў зрабіць працэс адкрытым.

$ 300 – адзіны доказ злачынства?

Як вынікае з расповеду маці асуджанага, у справе Андрэя Гайдукова фігуруюць $ 300, якія аператыўнікі сканфіскавалі ў ейнага сына.

{movie}Маці Гайдукова пра “шпіёнскія $300″|right|11404{/movie}

«Я не ведаю, што гэта за грошы. $ 300 ім спадабаліся – забралі. Чалавек, што некалькі гадоў працуе на «Нафтане», думаю, мае права і магчымасць купіць $ 300 ці хоць € 1000. Якім чынам яны фігуравалі ў справе, я не ведаю», – паведаміла Вольга Гайдукова журналістам пасля агалошвання выраку. Яна дадала, што не лічыць свайго сына вінаватым у злачынстве і мяркуе, што ён мае быць на свабодзе.

За што асудзілі? Ведае толькі КДБ

Былы адвакат, праваабаронца Павал Сапелка звяртае ўвагу на тое, што Гайдукова асудзілі паводле артыкулу, які з’явіўся ў Крымінальным кодэксе адносна нядаўна – у 2011 годзе. Тады праваабаронцы крытыкавалі ўвядзенне новай нормы з прычыны таго, што новы артыкул мае палітычны характар і сфармуляваны недакладна.

«Змены ў Крымінальным кодэксе у 2011 годзе, на маю думку, меліся стаць перашкодаю для грамадзянаў Беларусі ў ажыццяўленні грамадскай ці палітычнай дзейнасці. Таму і з’явіўся закон, у якім дакладна не акрэслілі, што такое «замежныя спецслужбы», што такое «супраца». У выніку гэта можна прыпісваць да шырокага спектру дзеянняў і злоўжываць гэтым. Гэтак ёсць у выпадку Гайдукова – мы дагэтуль не ведаем, за што канкрэтна яго асудзілі», – гаворыць Павал Сапелка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў