«Залатая акцыя» можа стаць праклёнам для прадпрыемстваў


«Калі чыноўнікі маюць права прыпыняць пастановы акцыянерных таварыстваў адносна самых важных пытанняў, гэта наагул можа выклікаць хвалю карупцыі ды рэйдарства. Аспрэчыць пастановы дзяржпрадстаўнікоў можна толькі ў судзе, а пакуль суд будзе разбірацца, прадпрыемства можа і збанкрутаваць», – папярэджвае заслужаны юрыст Беларусі Валерый Фадзееў.

«Залатая акцыя вяртаецца»?

У выпадку ўступлення ў сілу паправак у Закон аб прыватызацыі, у Беларусі могуць рэанімаваць «залатую акцыю» ў больш жорсткай форме, чымся гэта было раней. Папраўкі ў гэты закон ужо прынялі ў парламенце ў першым чытанні.

Раней для ўвядзення «залатой акцыі» патрабавалася афіцыйная пастанова і выпадкаў увядзення «залатой акцыі» было няшмат. Паводле Валерыя Фадзеева, з новымі нормамі ўводзіць дзяржаўных прадстаўнікоў можна будзе практычна ў любым акцыянерным таварыстве, якое калісьці было дзяржаўным прадпрыемствам.

«Фактычна ўводзіцца так званы ўладальніцкі нагляд чыноўнікаў, – гаворыць Фадзееў. – Гэта дрэннае рашэнне: дзяржава неабгрунтавана ўрываецца ў сферу прыватных інтарэсаў, парушаецца прынцып свабоды волі».

Захацеў – наклаў вета

Згодна з законапраектам, дзяржаўныя прадстаўнікі могуць прызначацца нават у тыя акцыянерныя таварыствы, якія ствараліся ў працэсе прыватызацыі ды ў якіх дзяржава не мае долі. Такія прадстаўнікі могуць прыпыняць выкананне пастановаў агульнага сходу акцыянераў у выпадку, «калі рэалізацыя гэтых пастановаў супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, уціскае правы і законныя інтарэсы іншых асобаў».

Гэтыя нормы, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, могуць трактавацца занадта шырока і ўжывацца паводле суб’ектыўнага меркавання чыноўнікаў.

Механізм «залатой акцыі» дзеяў у Беларусі з другой паловы 1990-х гадоў. Ён даваў дзяржаве асаблівае права на кіраванне прадпрыемствамі нават у тых выпадках, калі дзяржаўная доля ў іх адсутнічала. У 2008 годзе «залатую акцыю» скасавалі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў