Урад спадзяецца, што сельскай гаспадаркай зоймуцца замежныя інвестары


Дзяржаўнае падтрыманне аграрнага сектару будуць змяншаць.

Да 2016 г. долю дзяржаўнага падтрымання сельскай гаспадаркі зменшаць да 10%. Летась яна склала 15,4%, сёлета вылучаць 16%.

Паводле намесніцы міністра сельскай гаспадаркі Надзеі Каткавец, замежныя інвестыцыі найперш будуць прыцягваць у сферу глыбокага прамысловага перапрацоўвання. “Апроч таго, мы зацікаўленыя ў прыцягненні партнёраў да развіцця сыравінных зонаў, будаўніцтва птушкафабрык і свінакомплексаў. Сёння мы ахвотна супрацоўнічаем з інвестарамі з Ірану, Ізраілю і Нямеччыны”.

Аднак пасля скандалу з расейска-французскай кампаніяй “Юнімілк”, што працуе ў Шклове і Пружанах з 2009 г., эксперты ставяць пад сумнеў інвестыцыйны клімат сельскай гаспадаркі Беларусі. Нагадаем, у Беларусі стварылі два супольныя прадпрыемствы ў вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі: “Юнімік Пружаны” і “Юнімілк Шклоў”.

Аляксандр Лукашэнка склікаў нараду галіновых чыноўнікаў, дзе рэзка раскрытыкаваў замежную кампанію. Ён заявіў, што калі кіраўніцтва не пойдзе на ўмовы беларускіх уладаў, працаваць “Юнімілк” у Беларусі не будзе.

Прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі выклікала тое, што кампанія разлівае малако ў тару і не вырабляе іншай прадукцыі, хоць дзяржава ўклала грошы ў мадэрнізацыю ўсяго прадпрыемства. Кіраўніцтва “Юнімілк” абвяргае інфармацыю пра дадатковае дзяржаўнае фінансаванне.

“Умовы, якія Беларусь выстаўляе інвестару, занадта жорсткія. Патрабаванні ўвесь час змяняюцца, прычым пасля падпісання кантрактаў. Тым больш, апошнія падзеі паказалі, што кіраўнік дзяржавы можа сабе дазволіць ўмешвацца ва ўнутраную працу кампаніі ды выстаўляць прэтэнзіі і новыя патрабаванні. Пра стабільнасць гаварыць не даводзіцца”, – адзначыў бізнес-аналітык Вадзім Селіханаў.

belsat.eu

Стужка навінаў