Беларусь прываблівае турыстаў таннымі медычнымі паслугамі


Палякі, якія жадаюць хутка і танна зрабіць складаныя медычныя працэдуры, могуць скарыстацца з прапановаў медычнага турызму ў суседняй Беларусі, рэкамендуе польскі часопіс «Турыстычныя навіны» (Wiadomości Turystyczne). Польскія прадпрымальнікі нават гатовыя дапамагчы ў арганізацыі гэткіх выездаў.

Консульскі аддзел беларускай амбасады ў Варшаве нават прапанаваў айчыннаму Міністэрству аховы здароўя скласці спіс медычных прапановаў і выставіць яго на турыстычным кірмашы «Tour Salon» у Познані, паведамляе часопіс работнікаў турыстычнай галіны, дадаўшы, што ўжо сёння ўлады Беларусі заахвочваюць прыязджаць на лячэнне ў краіну грамадзянаў Казахстану і Азербайджану, а таксама збіраюцца паехаць з рэкламаю беларускіх медычных паслугаў у Латвію. У кола інтарэсаў беларускіх лякарняў трапіла таксама Польшча.

Папулярнасць ўсяго праз некалькі гадоў

Хоць палякі і не так шмат ведаюць пра медычныя паслугі за межамі іхнай радзімы, уключэнне польскіх фірмаў у гэты сектар выглядае цалкам верагодным. «Шмат у якіх краінах лячэнне за мяжою – норма. Гэтак робяць англічане, італьянцы, якія часта лечацца ў Албаніі ці Харватыі. Немцы звычайна карыстаюцца з паслугаў у Польшчы», – тлумачыць Дар’юш Войталь (Dariusz Wojtal), віцэ-прэзідэнт Польскай турыстычнай палаты ў інтэрв’ю для «Турыстычных навінаў» (Wiadomości Turystyczne).

«Агульнае правіла такое, што ў суседа танней і лепш. Вядома, мы не гаворым пра сур’ёзныя аперацыі дзеля ратавання жыцця, а хутчэй пра планавыя аперацыі, падбор пратэзаў і гэтак далей. Стан нашай службы аховы здароўя і перш за ўсё яе практычная недаступнасць ўжо прывялі да таго, што палякі штораз часцей абіраюць прыватныя клінікі. Адсюль недалёка ўжо да лячэння за мяжою. Здаецца, гэта ўжо недалёкая перспектыва, – дадаў спадар Войталь. – Таму мы б хацелі пачаць паступова прадаваць асобныя прадукты з гэтай прапановы. Першапачаткова тыя, якія могуць карыстацца поспехам. Мы маем намер браць удзел у рэкламнай дзейнасці, якую праводзіць беларускі бок».

Лячэнне замежнікаў – залатая жыла

Міністэрства аховы здароўя Беларусі падлічвае, што да 2016 года ўдасца ажно ў 5 разоў павялічыць прыбыткі з лячэння замежнікаў. Займацца такою дзейнасцю заахвочвае шпіталі сам Аляксандр Лукашэнка. Штораз часцей да беларускіх лекараў-адмыслоўцаў прыязджаюць наведнікі з Захаду. На сённяшні момант ажно 60 % грашовых сродкаў у мясцовыя клінікі прыходзяць з кішэняў замежных пацыентаў. Камерцыйныя паслугі маюць быць для іх шанцам, каб выжыць ва ўмовах скарачэння выдаткаў на ахову здароўя. Паводле звестак выдання «Рынак здароўя» (Rynek zdrowia), прыцягваць пацыентаў з іншых краінаў могуць, у першую чаргу, выгодныя кошты стаматалогіі ды транспланталогіі.

Азнаямляльныя паездкі для зацікаўленых

Сёлета ў красавіку Польская турыстычная палата ў супрацы з амбасадаю Беларусі зарганізавала азнаямляльную паездку для зацікаўленых медычным турызмам у Беларусь. Усім ахвотным бясплатна выдалі візу і на мікрааўтобусе павезлі ў Горадню, Менск і Берасце, азнаямляючы з прапановамі ўстановаў, якія займаюцца медычнымі паслугамі для замежнікаў.

Экспарт медычных паслугаў

Паводле інфармацыі, пададзенай беларускаю амбасадаю ў Польшчы, медычны турызм у Беларусі развіваецца надзвычай інтэнсіўна. Экспарт медычных паслугаў у 2011 годзе прынёс прыбытак больш за $ 13 млн, а за пяць месяцаў 2012 года – больш за $ 8 млн.

Беларуская дыпламатычная пляцоўка падкрэслівае, што самыя папулярныя – паслугі ў галіне анкалогіі, кардыяхірургіі, артапедыі, траўматалогіі, стаматалогіі, рэабілітацыі, трансплантацыі органаў, немедыкаментознага лячэння і дыягназавання. Вялікаю папулярнасцю карыстаецца таксама пластычная хірургія. Перадусім замежных пацыентаў прыцягвае ў Беларусь высокі ўзровень кваліфікацыі беларускіх адмыслоўцаў, а таксама танныя кошты якаснага лячэння, заахвочвае беларуская амбасада. Больш за тое, сам Лукашэнка летась у кастрычніку хваліўся тым, што ў Беларусі перасадзілі вантробу былому шэфу ізраільскіх спецслужбаў Мэйру Дагану (Meir Dagan), якому, паводле кіраўніка краіны, не хацелі больш нідзе правесці аперацыю.

Медычны турызм усё больш папулярны

Кошты польскай медыцыны прывабліваюць пацыентаў з Нямеччыны, Швецыі і Даніі, аднак для саміх палякаў, напрыклад, палячыць зубы або зрабіць пластычную аперацыю на радзіме – даволі дорага. Менавіта таму польскія турыстычныя фірмы ў якасці альтэрнатывы прапаноўваць выезды ў Беларусь, спадзеючыся добра зарабіць на розніцы ў коштах медычных паслугаў краінаў-суседак.

Ці варта ашчаджаць на здароўі?



Усё добра, што добра заканчваецца. А што будзе ў сітуацыі, калі не ўсё прайшло паспяхова? Памылкі, як вынік медычнай халатнасці, могуць здарыцца ў любой краіне пры любой палітычнай сістэме. У выпадку медычнай памылкі пацыент мае права на кампенсацыю. Але ці тыя, хто атрымае магчымую траўму ў беларускіх лякарнях, змогуць дамагацца справядлівасці ў беларускім судзе?

У гэтым кантэксце прыгадваецца выпадак маладой шведкі Крыстыны Гэдлюнд (Christinа Hedlund), якая ў жніўні 2010 года вырашыла ашчадзіць і зрабіць аперацыю для павелічэння грудзей у польскім Гданьску. Пасля няўдалай аперацыі жанчына трапіла ў кому. Сямейнікі пацярпелай патрабуюць грашовай кампенсацыі ад Гданьскай лякарні ды штомесячнай пенсіі.

Падобная трагедыя адбылася ў адным з найбуйнейшых прыватных медычных цэнтраў у Беларусі – «Экамедсэрвісе», дзе ў сакавіку праз медычную памылку і нядбаласць персаналу памерла маладая дзяўчына. Пасля трагічнай смерці 23-гадовай Юліі Кубаравай бацькі дзяўчыны абвінавацілі працаўнікоў цэнтру, што тыя праводзілі аперацыю карэкцыі носа з сапсаваным абсталяваннем, а калі жыццё дзяўчыны было ў небяспецы, нічога не зрабілі, каб яе ўратаваць. На лекараў і медычны персанал завялі крымінальныя справы.

Некалькі дзён таму ў Гданьску суд прыняў рашэнне, згодна з якім лякарня абавязаная выплочваць пацярпелай шведцы штомесячную пенсію памеры каля $ 4 тыс. для пакрыцця выдаткаў на лячэнне і рэабілітацыю. Беларускія эксперты кажуць, што судовыя справы пра медычныя памылкі ў дзяржаўных шпіталях, якія прывялі да смерці або калецтва людзей, трываюць гадамі. «Улады ніколі не былі зацікаўленыя ў тым, – пракаментаваў «Газеце выборчай» (Gazeta Wyborcza) юрыст Беларускага хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. – Выпадак у клініцы «Экамедсэрвіс» выплыў на свет, бо гэта – прыватная лякарня, а Лукашэнка не любіць прыватны сектар – і гэта, без сумневу, паўплывала на ягоную рэакцыю».

Караліна Русіновіч, belsat.eu

Стужка навінаў