Гран-пры фестывалю «AD.NAK!» дасталася роліку з Харланчуком ды вытворцам парцаляны


https://youtu.be/LIXqbafub5k
Рэклама мусіць гаварыць даступнаю моваю – моваю большасці, якою тая карыстаецца штодня, якая не прымушае спыняцца і задумвацца, здзіўляцца і ўражвацца. Гэтак было і гэтак бы заставалася. Аднак. Фестываль беларускамоўнай рэкламы пад такою назваю – «AD.NAK!» – прыйшоў чацвёрты раз, учора ён фінішаваў, раздаўшы лаўры і ордэны самым творчым рашэнням у рэкламе камерцыйнай і некамерцыйнай.

«Калі летась удзельнікамі былі невялікія фірмы, аматары, крэатыўшчыкі, якія проста падавалі працы на шматлікія конкурсы, сёлета больш прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку ды буйных фірмаў, якія ўзяліся рабіць рэкламу па-беларуску. Гэта вельмі добрая тэндэнцыя», – зазначае сябра журы, каардынатарка кампаніі «Будзьма!» Ніна Шыдлоўская.
{movie}Агляд падзеяў культуры (28.06.2013) |right|11378{/movie}
Сёлета на фестываль падалі 314 працаў ад 105 ўдзельнікаў. За беларусамі пацягнуліся і замежнікі – некаторыя працы на суд журы прэзентавалі літоўскія рэкламісты. Якасць працаў, паводле рэкламных суддзяў, штогод робіцца толькі лепшаю. Сёлета дзвюм працам нават прысудзілі гран-пры. Адзін, у намінацыі «СМІ, або медыя-праекты» дастаўся роліку «Kraj.By» агенцтва «ПАН-студыя» з харызматычным Паўлам Харланчуком.

Яшчэ адзін атрымаў беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект «Шляхетная парцаляна KARALI».

«Я карыстаюся ў жыцці беларускаю моваю, для мяне было прынцыпова стварыць бізнес-асяродак, дзе асноўнаю моваю будзе беларуская. Мы не бярэм на працу людзей, якія яе не ведаюць», – тлумачыць заснавальніца праекту Галіна Яшчанка.

Планкі, вызначаныя журы, былі надзвычай высокія. У шмат якіх намінацыях да 1 месца ніхто гэтак і не дацягнуўся, затое разабралі па некалькі другіх. Журы тлумачыць: крытэрыі для беларускамоўнай рэкламы такія ж, як для любой іншай. Цікавае вырашэнне, інавацыя, уменне зачапіць. Адной мовы, аднак, мала.

«Рэвалюцыю зрабіць, перакуліць з ног на галаву немагчыма за нейкую колькасць гадоў. Аднак мы лічым, што налета будзе яшчэ больш працаў ад буйных замоўцаў, агенцтваў, якія зробяць выдатныя працы ды выдатныя камунікацыі», – адзначае, незаўважна пераходзячы з расейскай на беларускую кіраўнік праекту «Marketing.by»
ды адзін з арганізатараў Сяргей Скараход.

Пераход на беларускую, як дэманструюць арганізатары, можна зрабіць лёгка. І тут не важна – чалавек ты, рэкламнае агенцтва або буйная карпарацыя.

Іншыя тэмы: У інтэрнэце тэстуюць беларускую інтэрактыўную мапу роварнай культуры. У Міры пачаўся трохдзённы фестываль сярэднявечнага рыцарства, гульняў, танцаў ды рамёстваў.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары