Беларус-нелегал трапіў за краты ў Польшчы за намаляваныя свастыкі


Мужчына захапляўся будызмам ды чуў незразумелыя галасы. З Беларусі яго змусілі ўцячы пагрозы міліцыянтаў, высветліў “Белсат”.

Польскія паліцыянты затрымалі 36-гадовага грамадзяніна Беларусі Андрэя К. пасля таго, як той намаляваў у падземным пераходзе польскай сталіцы дзве свастыкі. Пасля правярання высветлілася, што мужчына перабывае ў Польшчы нелегальна, падае сайт варшаўскай паліцыі.

Тыдзень таму ваявода Мазавецкага ваяводства прыняў рашэнне аб дэпартацыі беларуса, бо ў таго скончылася віза. Мужчыну далі 48 гадзінаў на выезд з Польшчы, але той так і не выехаў з краіны.

Праз тыдзень яго затрымалі, калі беларус маляваў свастыкі. Інцыдэнт адбыўся ў мінулы панядзелак каля 10:00 у пераходзе ля плошчы Дмоўскага. Дзяжурныя паліцыянты заўважылі мужчыну, які фламастрам маляваў на сцяне нацысцкія сімвалы. Паліцыянты затрымалі мужчыну, якім аказаўся 36-гадовы грамадзянін Беларусі. Мужчына не мог лагічна патлумачыць сваіх дзеянняў.

Па прапановах паліцыянтаў, якія вядуць гэтую справу, і пракуратуры Варшаўскі суд пастанавіў часова арыштаваць беларуса на 3 месяцы. За публічную прапаганду нацысцкіх сімвалаў беларуса могуць асудзіць на 2 гады турмы.

Меркаванне знаёмага

Старшыня «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец, які быў знаёмы з затрыманым, распавёў «Белсату», што Андрэй К. паходзіць з Жодзіна, займаўся распаўсюдам незалежнай прэсы ў электрычках і каля заводу «БелАЗ». Спадар Міхнавец мяркуе, што мужчына меў псіхічныя праблемы. «Ён (Андрэй К.) прызнаваўся, што чуе галасы. Яго затрымлівалі таксама і ў Беларусі. Міліцыянты вазілі яго ў псіхіятрычны шпіталь. Хоць ён і не агрэсіўны, але пасля размовы з ім адчувалася, што ён мае псіхалагічныя праблемы». Беларускія міліцыянты ведалі, што ён хворы і пужалі мужчыну псіхіятрычнаю лякарняю. Праз гэта, адзначыў спадар Міхнавец, распаўсюднік незалежных газетаў і выехаў з Беларусі за мяжу.

Апошнім час Андрэй К., паведаміў старшыня БНП, захапіўся будызмам. Начытаўшыся адпаведнай літаратуры, паўтараў, што свастыка – гэта моцны энергетычны сімвал, і нават вышыў сабе гэты сімвал на кашулі. «Маляванне свастыкі – гэта ў дадзеным выпадку не прапаганда нацызму, а вынік таго, што чалавек моцна захапіўся будызмам і салярнымі знакамі», – адзначыў спадар Міхнавец.

Дзеяч мяркуе, што Андрэя К. не варта саджаць у турму, а яму трэба аказаць медычную дапамогу.

КР, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў