Парушэнне беларускай мяжы. Памежнікі не стралялі «з гуманных меркаванняў»


Беларускія памежнікі зафіксавалі сёння чарговае парушэнне паветранай прасторы Беларусі. Беларускую мяжу сёння а 10.39 непадалёк ад Горадні пераляцеў з боку Літвы лятальны апарат малога памеру, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі.

Зафіксаваўшы пранікненне ў Беларусь, дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны былі неадкладна прыведзеныя ў гатоўнасць № 1.

Аднак памежнікі ідэнтыфікавалі парушальніка як грамадзянскае паветранае судна. Праз некаторы час высветлілася, што гэта ляцеў верталёт “Еўракоптэр-120” па маршруце Вільня – Варшава з часам вылету 10.00.

“Улічваючы атрыманую інфармацыю, а таксама складаныя метэаўмовы для грамадзянскага паветранага судна і з гуманных меркаванняў, у цэнтры якіх зберажэнне чалавечага жыцця, сродкі супрацьпаветранай абароны ВПС і войскаў СПА ў дачыненні да парушальніка паветранай прасторы не ўжываліся”, – гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

Інфармацыю пра інцыдэнт перадалі ў беларускае Міністэрства замежных справаў, каб там адэкватна адрэагавалі.

Летам мінулага года беларускую мяжу таксама з боку Літвы нелегальна пераляцеў аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам працаўнікоў кампаніі “Studio Total”. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінаю Менску больш як 800 плюшавых мядзведзікаў з запіскамі, што падтрымлівалі дэмакратыю ў Беларусі. Спачатку беларускія вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржаўнай мяжы. Толькі пазней улады прызналі гэта, за што свае пасады згубілі некаторыя прадстаўнікі вайсковага начальства.

Сёння першы намеснік старшыні КДБ Беларусі Ігар Сяргеенка паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы аб “плюшавым дэсанце” завершанае. На 2 гады пазбаўлення волі асуджаны старшы прапаршчык памежнай службы, які не паведаміў вайскоўцам аб перасячэнні мяжы шведскім самалётам.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары