Алег Арнаутаў просіць журналістаў не пужаць насельніцтва “свіным грыпам”


Пандэмічны варыянт узбуджальніка віруса цыркулюе, але ён не нясе сёння такой пагрозы нашаму грамадству, як год-два, заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра аховы здароўя галоўны санітарны доктар Беларусі Алег Арнаутаў.

Алег Арнаутаў абурыўся выпадкамі, калі медыі даводзілі да людзей інфармацыю аб тым, што нехта памер ад пнеўманіі, якая развілася на фоне захворвання на гэтак званы, “свіны грып” А(H1N1) і пры гэтым не паведамлялі пра летальныя выпадкі, якія сталіся наступствамі захворванняў на іншыя штамы грыпу, напрыклад, A(H3N2) ці В. “У любы эпідэмічны сезон вірусная інфекцыя, якая ўзнікае ў чалавека, асабліва грып, можа ўскладніцца пнеўманіяй. Сёння вірус грыпу А(H3N2) і вірус А(H1N1) аднолькава небяспечныя для чалавека, таму тактыка лячэння пры гэтых вірусах абсалютна аднолькавая”, – заявіў галоўны санітарны доктар. Менавіта з гэтай прычыны, паводле ягоных словаў, Міністэрства аховы здароўя не вядзе асобнай статыстыкі што да захворванняў на грып А(H1N1).

Алег Арнаутаў запэўніў, што сёння ў Беларусі траціна насельніцтва мае імунітэт супраць ўзбуджальніка віруса грыпу, і колькасць хворых будзе значна меншая, чым летась. Галоўнае – своечасова звяртацца ў медычныя ўстановы па дапамогу.

У Беларусі сезонны ўздым захворвання пачаўся напрыканцы студзеня. Паводле прагнозаў медыкаў, праз 10–14 дзён пачнецца спад. Другой хвалі не прагназуецца.

belsat.eu

Стужка навінаў