Маці палітзняволенага звальняюць з універсітэту. «Загад зверху»


«Пачалося з ультыматуму: або мая пазіцыя ў адносінах сына, або праца. Выбар быў такі недарэчны, што я рассмяялася ім у твар», – пра ціск і звальненне Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, напісала ў сваім профілі ў «Facebook’у».

«Мярзотнасць сітуацыі ў тым, што апошнія паўтара месяца пачалося сапраўднае цкаванне. Пры гэтым маё кіраўніцтва абсалютна шчыра заяўляла, што прыйшоў загад «зверху», што аналізуецца і ўважліва чытаецца ўсё, што публікуецца на сайтах і ў друку, ды што ў іх саміх прэтэнзіяў да маёй працы няма», – піша Валянціна Аліневіч.

Сына Валянціны Аліневіч, Ігара, асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. Беларускія праваабаронцы прызналі яго вязнем сумлення. Валянціна Аліневіч неаднаразова выказвала падтрыманне сыну, што, хутчэй за ўсё, і сталася прычынаю звальнення.

Валянціна Аліневіч – кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры эканомікі прамысловых прадпрыемстваў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Яе афіцыйна папярэдзілі, што на наступны вучэбны год з ёй кантракту не падпішуць.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары