Дэвальвацыі не пазбегнуць?


Дэвальвацыя сталася фактам. Што праўда, у Расеі і памер яе не вялікі, але сам факт абясцэньвання расейскай валюты, да якой прымацаваны беларускі рубель, выклікае занепакаенне.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:

«Расейцы абсалютна проста, аўтаматычна дэвальвуюць у сувязі з тым, што ў іх упаў у першым квартале экспарт на 5 %, паступленне валюты знізілася на 5 %».

Для Беларусі факт дэвальвацыі ў Расеі азначае ўзмацненне праблемаў з вонкавым гандлем. Склады беларускіх прадпрыемстваў і так забітыя пад завязку. А патанненне расейскага рубля азначае, што нашыя вытворцы губляюць канкурэнтную прывабнасць на ўсходнім рынку. Бо тамтэйшая прадукцыя – патаннела.

{movie}Неабходнасць дэвальвацыі (27.06.2013) |right|11375{/movie}

ВАДЗІМ ІОСУБ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК «ALPARI»:

«У нас і так з Расеяй вельмі вялікае адмоўнае гандлёвае сальда. І зніжэнне кошту расейскага рубля пры стабільнасці беларускага толькі пагаршае адмоўны баланс у гандлі з Расеяй».

Натуральным выйсцем была б дэвальвацыя і беларускага рубля. Тады б нашыя і расейскія вытворцы былі б прыкладна ў аднолькавых умовах і канкураваць было б значна прасцей. Але чыноўнікі Нацбанку праблемаў пакуль не заўважаюць.

НАДЗЕЯ ЕРМАКОВА, СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ:

«Сёння ў нашай эканоміцы ўсё не так страшна, як апісваюць некаторыя аналітыкі… Нацбанк працуе над забеспячэннем стабільнасці».

Гэтыя словы Надзея Ермакова прамовіла тыдзень таму падчас наўпроставай лініі ў «Народнай газеце». Але ўжо цяпер рэчаіснасць пачала абвяргаць сцверджанні кіраўніцы Нацбанку.

Пачынаючы з траўня, курс долара ў Беларусі пакрысе расце. Ужо на пачатку чэрвеня ён перавысіў адзнаку Br 8700, а напрыканцы паставіў аж два гадавыя рэкорды. На заўтра Нацбанк усталяваў курс амерыканскай валюты Br 8790.

Вядома ж, тэмпы дэвальвацыі не такія імклівыя, як у Расеі. Там з пачатку года долар падаражаў амаль на 10 %. Але ў гэтым і хаваецца небяспека для нашай эканомікі. Экспарцёры ўсцяж застаюцца неканкурэнтаздольнымі на расейскім рынку. Часу для выпраўлення сітуацыі ўжо няма.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:

«Могуць быць дастаткова дэструктыўныя працэсы на рынках беларускага рубля. То бок па дэпазітах, па крэдытах для насельніцтва. Таму трэба рабіць усё мякка. Але час… мы ўжо спазніліся».

Паводле расейскіх эканамістаў, у найбліжэйшым часе курс долара ў нашых суседзяў яшчэ больш узмоцніцца. Максімум прыпадзе на жнівень, калі тамтэйшы Мінфін пачне скупляць амерыканскую валюту для сваіх рэзерваў. Гэта значыць, што пазіцыі беларускіх прадпрыемстваў на рынку Расеі будуць толькі слабець.

Аляксей Мінчонак, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў